Маці асуджаных за наркотыкі сустрэліся з прадстаўніком адміністрацыі прэзыдэнта

Радыё Свабода

Сябры грамадзкай ініцыятывы «Матчын рух 328», якая аб’ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за пашырэньне наркотыкаў, сустрэліся ў адміністрацыі прэзыдэнта з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Аляксандрам Ільясевічам.

Сустрэча адбылася 14 сьнежня, распавяла карэспандэнту Свабоды кіраўніца ініцыятывы Ларыса Жыгар.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Мы абмяркоўвалі многія пытаньні, якія тычацца 328-га артыкула Крымінальнага кодэксу „Незаконны абарот наркатычных сродкаў“. І ён паабяцаў правесьці рэспубліканскі круглы стол разам з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў, у тым ліку сілавых структураў і Міністэрства аховы здароўя», — паведаміла яна.

Размова з Аляксандрам Ільясевічам цягнулася каля гадзіны. Ларыса Жыгар папрасіла ў яго падтрымкі ў рэгістрацыі ініцыятывы «Матчын рух 328».

«Мы зьвярнуліся да яго таксама наконт хворых дзяцей, якія адбываюць пакараньне, менавіта інвалідаў другой групы. І цяпер у адной з мацярок сын, які атрымаў інваліднасьць падчас знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі. Тым ня менш яго не адпусьцілі да маці дахаты, а паралізаванага накіравалі адбываць тэрмін», — распавяла кіраўніца ініцыятывы.

Паводле Ларысы Жыгар, дата круглага стала пакуль яшчэ невядомая.

«Пытаньняў маем многа да ўсіх прадстаўнікоў улады. І да судоў, і да пракуратуры, і да Сьледчага камітэту, і да адвакатуры, і да Міністэрства юстыцыі, і да Міністэрства аховы здароўя, і да псыхолягаў, і да нарколягаў. Бо як жа яны бралі ўдзел у распрацоўцы дэкрэту № 6? Я думаю, што ніхто, апроч сілавых структураў, ня браў у гэтым удзелу. Мяркуючы з таго, як ён быў так хутка прыняты, і з тых жорсткіх падыходаў, якія пачаліся паводле 328-га артыкула».

Архіўнае фота. Адна з акцый пратэсту «Матчынага руху 328»
Архіўнае фота. Адна з акцый пратэсту «Матчынага руху 328»

Сябры ініцыятывы «Матчын рух 328» лічаць, што пасьля зьяўленьня ў 2014 годзе так званага «антынаркатычнага» дэкрэту № 6, скіраванага на змаганьне з «наркабаронамі» і арганізаваным трафікам, быў значна зьменены 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу. У выніку ў злосныя спажыўцы й гандляры наркотыкамі патрапіла найперш моладзь, падлеткі.

Паводле Ларысы Жыгар, маці асуджаных хочуць зьвярнуць увагу ўладаў на несувымерна жорсткую судовую практыку ў дачыненьні да маладых людзей.

«Многія асуджаныя несправядліва. Сумнеўныя прысуды трэба перагледзець, жорсткія нормы заканадаўства ў дачыненьні непаўналетніх адмяніць. Каля пятнаццаці тысяч чалавек пакараныя на падставе артыкулу 328 — і гэта ўсё наркабароны?» — адзначыла суразмоўца.

Ларыса Жыгар сказала, што маці падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН на нерэгістрацыю ўладамі іхнай арганізацыі.

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить