Канапацкая хоча, каб за касяк не саджалі. Прапануе змены ў заканадаўства.

БЕЛСАТ

Прыцягнуць увагу грамадскасці і выкарыстаць права заканадаўчай ініцыятывы. Гэтак дэпутатка ад апазіцыі Ганна Канапацкая плануе прасоўваць змены ў крымінальным кодэксе. Вядзецца пра артыкул трыста дваццаць восем. Сёння ў сталіцы круглы стол «Актуальныя пытанні заканадаўства ў галіне незаконнага абароту наркатычных сродкаў» сабраў як бацькоў асуджаных, гэтак і прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя, Пракуратуры ды Следчага камітэту.

Не за легалайз, але за адэкватныя судовыя выракі

Прапановы паправак у заканадаўства і праваўжывальную практыку ў дачыненні крымінальнага артыкулу 328 «незаконны абарот наркотыкаў» абмеркавалі на круглым стале ў Менску. Сярод удзельнікаў – бацькі асуджаных.

«Загінуў мой муж. У аўтамабільнай катастрофе. Праз чатыры месяцы майго адзінага сына, інваліда другой групы, арыштавалі – за намер збыту. 0,3 грама. Яго асудзілі на дзевяць гадоў узмоцненага рэжыму. Намер збыту можна напісаць абсалютна любому чалавеку, у якога 0,3, 0,2, пусты карабок і ўсё», – даводзіць Алена Яцкевіч.

У праекце зменаў – размежаванне паводле вагі

А таксама індывідуальны падыход да кожнай справы. Але ёсць і іншыя прапановы.

«Мы вельмі просім зніжэння ніжняй мяжы санкцыі артыкулу. Хаця б на гады два-тры. Каб гэта было не да васьмі, а да пяці гадоў. Канешне, мы б хацелі прасіць, каб маладыя людзі, якія трапілі ўпершыню, не неслі настолькі суворае пакаранне. Не сакрэт, што да іх не ўжываюцца некаторыя нормы ўмоўна-датэрміновага вызвалення», – тлумачыць юрыстка Джэсіка Цыдзвінцава.

Хто і чаму зацікавіўся пытаннем?

Зыніцыявалі абмеркаванне Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

«Сёння існуе праблема людзей, якія з-за сваіх памылак маладосці, можа быць, праз глупства, атрымліваюць неапраўдана вялізныя тэрміны – па 10-15 гадоў. Гэта моладзь, якой зараз ад 16 да 15 гадоў, якая атрымлівае, яшчэ раз паўтару, 10-15 гадоў. І што з імі будзе? У іх уся маладосць пройдзе ў месцах зняволення», – звярнула ўвагу спадарыня Ганна.

Летась паводле артыкулу «незаконны выраб наркатычных рэчываў» асудзілі каля 3 000 чалавек. З іх больш за сто – няпоўнагадовыя. У параўнанні з папярэднім годам абедзве лічбы знізіліся – амаль на 20 і больш як на 50 %, адпаведна.

Лукашэнка не разумее, чаму сядзяць школьнікі, а не наркабароны

Аднак на нядаўнім паседжанні Савету бяспекі нават кіраўнік краіны адзначыў, што барацьба вядзецца, хутчэй, за паказнікі.

«Праваахоўнікі бадзёра рапартуюць, што, маўляў, не за гарамі перамога над наркаманіяй. Аднак на мяжы затрымліваюцца тоны наркотыкаў. Пры гэтым рашучая большасць крымінальных справаў узбуджаюцца за дзясятыя ці сотыя долі грамаў. А чаму не ловяць буйных наркагандляроў?», – абурыўся Лукашэнка.

Чаму ён раптам пра гэта загаварыў?

У інтэрв’ю нашаму тэлеканалу былы следчы Алег Волчак тлумачыў выказаныя ўслых кіраўніком краіны сумневы ў эфектыўнасці працы сілавікоў.

«Лукашэнку далажылі, што яны перабольшылі з пасадкаю асобаў па 328 артыкуле, па барацьбе з наркотыкамі. Сёння 15 тысяч моладзі сядзіць, і ўсё разумеюць, што там прысутнічае злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады, незаконнае асуджэнне, падробка дакументаў», – упэўнены Алег.

Ці трэба, з улікам пералічаных прэтэнзіяў, нешта мяняць у падыходах?

Гэтае пытанне прагучала на адрас прысутных на сустрэчы прадстаўнікоў Следчага камітэту і пракуратуры.

«Правапрымяняльная практыка па справах аб наркотыках аналізуецца штогод. Прынамсі ў нашым ведамстве. Таму і праблемныя пытанні выяўляюцца, і прымаюцца пэўныя захады. Таму казаць, што дзяржаўныя органы не бачаць гэтага – гэта поўная лухта, я лічу», – пракаментаваў крытыку ў бок сілавікоў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Тарас Ганчар.

Бачаць, але якім чынам спрабуюць выправіць хібы і ці спрабуюць увогуле? Гэтае пытанне засталося па-за межамі абмеркавання.

Лола Бурыева, «Белсат»

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить