Галадоўніцы просяць, каб іх суправаджалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю журналісты Радыё Свабода і іншых незалежных СМІ.

 Радыё Свабода 

Галадоўніцы просяць, каб іх суправаджалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю журналісты Радыё Свабода і іншых незалежных СМІ.У Пухавічах і Калінкавічах працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістак «Матчынага руху 328», якія патрабуюць зьмякчэньня пакараньня па арт. 328 КК для сваіх дзяцей.

Пад Менскам у галадоўцы ўдзельнічаюць восем актывістак. У Калінкавічах колькасьць удзельнікаў галадоўкі вырасла таксама да васьмі чалавек — сёньня да іх далучылася жыхарка Жыткавічаў.

Як паведаміла БелаПАН лідэр руху Ларыса Жыгар, удзельнікі галадоўкі ўжываюць толькі пітную ваду. На чацьвёрты дзень галаданьня іх самаадчуваньне пагоршылася. У некаторых, паведаміла Жыгар, «скача ціск, адзначаецца тахікардыя, кружыцца галава». «Аднак мы маем намер стаяць да апошняга», — заявіла лідэр руху.

Яна паведаміла, што ў Менскай вобласьці чыноўнікі пакуль ніяк не рэагуюць на ўдзельнікаў галадоўкі, пры тым што ў Калінкавічах, дзе галадае другая група, жанчын наведаў кіраўнік мясцовага райвыканкаму.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Ён прапанаваў сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай», — расказала Жыгар. Аднак, паводле яе слоў, удзельнікі галадоўкі настойваюць на сустрэчы з тымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, ад якіх наўпрост залежыць вырашэньне праблемы: кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам, старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам, генпракурорам Аляксандрам Канюком, старшынём Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам, памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнкам, а таксама кіраўнікамі Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі.

У выніку ўлады Калінкавічаў прапанавалі ўдзельнікам галадоўкі прыйсьці 2 траўня а 16-й гадзіне ў Адміністрацыю прэзыдэнта, паабяцаўшы, што на гэту сустрэчу будуць запрошаныя чыноўнікі з прапанаванага актывістамі сьпісу.

Удзельніца галадоўкі Ліяна Шуба распавяла БелаПАН, што жанчыны прасілі таксама мясцовыя ўлады дапамагчы ім з транспартам на 2 траўня, бо гэта будзе ўжо шосты дзень галадоўкі, і яны будуць зьнясіленыя.

Яшчэ адна просьба — дазволіць жанчынам, што галадаюць, каб іх суправаджалі прадстаўнікі недзяржаўных СМІ (БелаПАН, tut.by, «Радыё Свабода», «Наша Ніва») — «каб нас прывезлі ў адміністрацыю прэзыдэнта, а не ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна».

Паводле інфармацыі Жыгар, калі ніхто з гэтага сьпісу ня прыйдзе на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзыдэнта, 2 траўня актывісты «Матчынага руху 328» у Віцебскай і Гарадзенскай абласьцях таксама далучацца да галадоўкі.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Матчын рух 328», якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў), абвясьцілі бестэрміновую галадоўку 27 красавіка. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасьці зьмякчэньня пакараньня па гэтым артыкуле. Бацькі асуджаных таксама патрабуюць стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных справаў пачынаючы ад 2013 году і ўнесьці зьмены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымяненьня амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызваленьня да асуджаных па арт. 328 КК.

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить