5 пытаньняў арганізатарцы пратэсту руху «Маці 328» Ларысе Жыгар на 13 дзень галадоўкі.

 Радыё Свабода 

 

5 пытаньняў арганізатарцы пратэсту руху «Маці 328» Ларысе Жыгар на 13 дзень галадоўкі.
Ларыса Жыгар © svaboda.org

На 9 траўня ў Беларусі працягваюць галадаць 11 жанчын з руху «Маці 328». Зь іх 6 у Каленкавічах, 4 у Пухавіцкім раёне, а таксама Ларыса Жыгар, якая днямі пераехала ў Горадню.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Карэспандэнт Свабоды задаў пяць пытаньняў арганізатарцы акцыі пратэсту, лідэрцы руху «Маці 328» Ларысе Жыгар.

1. Які плён ад галадоўкі на гэты момант?

«Лічу, маленькая перамога ў тым, што нас заўважылі, пра гэтую праблему загаварылі на рэспубліканскім узроўні, бо нават Лукашэнка гаварыў пра нас з Сукалам. Што дзяржаўныя мэдыі вылілі на нас чарговы бруд — гэта ўсё ж не галоўнае. А галоўнае, што зьвярнулі ўвагу. Так, хацелася б большага, хацелася б, каб давалі нам выказацца, як робяць недзяржаўныя СМІ — на жаль, пакуль толькі яны. Дзякуй ім, але ясна, што гэтага мала. Вось калі грамадзтва нас пачуе і празь дзяржаўныя мэдыі, тады, магчыма, пачнуцца зрухі».

2. Які стан здароўя галадоўніц?

«Удзельніц галадоўкі кожны дзень аглядаюць лекары і даюць рэкамэндацыі, да якіх мы прыслухоўваемся. У Пухавіцкім раёне з намі галадалі Людміла і Натальля, дык калі лекары сказалі, што ўсё, ім далей нельга, то яны спынілі галадоўку. У нас усё адбываецца па згодзе, дэмакратычна. Па рэкамэндацыі лекараў мы п’ём ваду зь мёдам».

3. Ці гатовыя яшчэ хто з актывістаў далучыцца да галадоўкі?

«10 траўня мае намер далучыцца актывістка руху ў Лідзе, на наступны дзень могуць пачаць галадоўку яшчэ некалькі чалавек. У тым ліку ў Горадні і Магілёве. Як і ў Віцебску, на нашых актывістак працягваецца ціск».

4. Калі актывісткі плянуюць спыніць галадоўку?

«Пра дакладны тэрмін спыненьня галадоўкі мы не дамаўляліся. Магчымы рубеж — гэта адказ Натальлі Качанавай. Кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі на сустрэчы з галадоўніцамі з Каленкавіч 2 траўня абяцала адказаць цягам 3 дзён. Але 3 дні даўно мінулі, і калі адказу так і ня будзе, дык што, паміраць? Не, я за тое, каб, пакуль ёсьць сілы, выйсьці з галадоўкі і працягнуць барацьбу. Сустракацца з чыноўнікамі, праводзіць круглыя сталы, даносіць нашу пазыцыю да людзей. Але яшчэ на 1–2 тыдні ў нас хопіць сілаў і для галадоўкі».

5. Ці магчымыя новыя галадоўкі?

«Дагрукацца да чыноўнікаў цяжка, мы гэта выразна бачым. Вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам, калі яны заявілі пра „недапушчальнасьць ціску на правасудзьдзе“, нам было балюча чуць. Значыць, змагацца нам яшчэ давядзецца доўга.

Але скажу, што калі гэтая галадоўка цяпер не прывядзе да вынікаў, якіх мы дамагаемся, мы адпачнём і пойдзем на новую галадоўку, бо нам саступаць нельга, за намі дзеці. Іх называюць наркаманамі, распаўсюднікамі, нават наркабаронамі — але гэта не дакладна. Гэта дзеці, якія памыліліся, а ў жыцьці ўсе робяць памылкі, і трэба даць ім шанец выправіцца ды вярнуцца ў нармальнае жыцьцё», — кажа Ларыса Жыгар.

***

Галадоўка актывістак руху «Маці 328» праходзіць у Беларусі з 27 красавіка. У розныя дні ў акцыі пратэсту бралі ўдзел да 14 чалавек.

Паводле руху «Маці 328», у Беларусі па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу з 2013 году прайшло да 15 тысяч чалавек, зь іх значная частка маладых людзей.

Галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для размовы аб праблемах барацьбы з наркотыкамі, стварэньня камісіі, якая б вывучыла крымінальныя справы па 328 антынаркатычным артыкуле Крымінальнага кодэксу, і лібэралізацыі гэтага артыкула.

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу кажуць, што пэўныя зьмены ў артыкул 328 КК падрыхтаваныя, але пакет прапаноў не прайшоў узгадненьня некаторых устаноў. Супроць лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства выступае Міністэрства ўнутраных спраў, дзе кажуць, што жорсткія захады апошніх гадоў дапамаглі зьменшыць абарот наркотыкаў у краіне і колькасьць злачынстваў па 328 артыкуле.

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить