У Магілёве судзяць за наркотыкі 18-гадовую дзяўчыну. «Маці 328» заклікаюць да гуманнасьці.

 Радыё Свабода 

 

У Магілёве судзяць за наркотыкі 18-гадовую дзяўчыну. «Маці 328» заклікаюць да гуманнасьці.
Будынак Кастрычніцкага суду, у якім разглядаецца чарговая «наркатычная» справа © svaboda.org

У Магілёве чарговы суд паводле «наркатычнага» артыкулу. У незаконным абарачэньні псыхатропных рэчываў абвінавачваецца 18-гадовая Ўльляна Г. Дзяўчыне інкрымінуецца 3 частка 328 артыкулу з максымальным пакараньнем да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

У матэрыялах справы згадваецца адзін эпізод злачыннай дзейнасьці. Справу разглядае судзьдзя Кастрычніцкага суду Магілёва Жана Пушкіна.

«Маці 328»: Гатовыя да радыкальных формаў пратэсту

За працэсам сочаць актывісткі руху «Маці 328». Суд над Ульлянай, цьвердзяць яны, пакажа, ці сапраўды ўлада наважылася зьмякчыць пакараньні за наркотыкі пасьля галадоўкі, якую трымалі іхныя паплечніцы. Калі дзяўчыну асудзяць на зьняволеньне, заяўляюць актывісткі, «яны пойдуць на радыкальныя формы пратэсту». Пакуль жа актывісткі зьвяртаюцца да судзьдзяў, каб тыя былі гуманнымі і справядлівымі.

«Спадзяёмся, што пасьля галадоўкі сытуацыя зьменіцца і моладзь ня будуць кідаць у турмы на працяглыя тэрміны. Калі маладыя людзі сапраўды вінаватыя, то ім дадуць шанец выправіцца на волі. Калёнія ж гэтага ня зробіць. Мы гатовыя да радыкальных формаў пратэсту, і гэты працэс для нас знакавы», — адзначыла адна з актывістак руху «Маці 328» Сара Славіна.

Абвінавачаная трапіла пад «праверачную закупку»

Ульляна знаходзіцца ў зьняволеньні ад 13 лютага. У сьледчым ізалятары дзяўчына адзначыла паўналецьце. У судовай залі яе трымаюць у клетцы. Хадайніцтва адваката аб зьмяненьні меры стрыманьня суд не задаволіў, спаслаўшыся, што абвінавачаная ўчыніла «асабліва цяжкае злачынства і можа схавацца ад суду ды перашкодзіць разгляду справы».

Крымінальную справу супраць Ульляны распачалі за незаконнае набыцьцё наркотыку вагою 0, 217 грамаў, у якім зьмяшчаліся «асабліва небясьпечныя псыхатропныя рэчывы», і незаконны продаж яго.

У такіх майках прыйшлі на суд актывісткі руху «Маці 328»
У такіх майках прыйшлі на суд актывісткі руху «Маці 328» © svaboda.org

 

Пад увагу апэратыўнікаў, як сьведчаць матэрыялы справы, дзяўчына трапіла, калі праводзілася «праверачная закупка», арганізаваная міліцыяй. 17 лістапада 2017 году яна прапанавала грамадзяніну Хомчанку, які супрацоўнічаў зь міліцыянтамі, набыць у яе наркатычныя сродкі і псыхатропныя рэчывы. Той пагадзіўся. Праз тры дні дзяўчына пры сустрэчы паведаміла яму, дзе забраць скрутак з наркотыкам. За яго атрымала 100 рублёў. 13 лютага непаўналетнюю Ўльляну затрымалі.

Плач з клеткі

Падтрымаць абвінавачаную, акрамя актывістак «Маці 328», прыйшлі яе родныя і сябры. З закратаванай лавы падсудных дзяўчына сустрэла грамаду плачам.

Паводле бацькі, Ульляна часткова прызнае віну. Шмат што ў справе, адзначае ён, застаецца незразумелым. На наступных пасяджэньняў, спадзяецца мужчына, сытуацыя праясьніцца. Сам ён у вінаватасьць дачкі ня верыць.

Ліст Ульляны, якую вінавацяць у «наркатычным» злачынстве
Ліст Ульляны, якую вінавацяць у «наркатычным» злачынстве © svaboda.org

«Я веру ў тое, што дачку адпусьцяць на волю і ўсё для яе складзецца добра. Спадзяюся на Бога», — сказаў бацька абвінавачанай.

Ульляна, паводле родзічаў, шмат піша з турмы. У іх кажа, што дужа хоча дамоў і шмат плача, «нават вочы апухлі ад сьлёз». На літасьць суду не спадзяецца.

«Лезуць у галаву думкі пра тое, якою я выйду з турмы, бо мне дадуць ня год, ня два і ня пяць. Вы ж самі разумееце сытуацыю. Вочы балюча заплюшчыць. Сёньня паўдня плакала», — напісала яна ў адным зь лістоў бацькам.

За наркотыкі садзілі і непаўналетніх

Ульляна не самая юная зьняволеная паводле 328 артыкулу. Летась асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі 17-гадовую жыхарку Магілёва. Калі ж яе затрымалі, яна мела шаснаццаць.

Лёзунгі «Матчынага руху 328» на адной з акцый пратэсту
Лёзунгі «Матчынага руху 328» на адной з акцый пратэсту © svaboda.org

Спачатку дзяўчыне інкрымінавалі незаконнае набыцьцё наркотыку бяз мэты збыту. Пагадзілася з такім абвінавачаньнем, бо пры затрыманьні наркотык быў у яе. Спадзявалася: суд улічыць, што яна добраахвотна аддала праваахоўнікам набыты наркотык, і ня будзе яе караць няволяю. Пазьней абвінавачваньне перакваліфікавалі зь першай часткі 328 артыкула на трэцюю. Ёй паставілі ў віну ня толькі набыцьцё, але і збыт наркатычнага рэчыва, за што пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Далі восем.

У Палаце прадстаўнікоў разглядаюць зьмены ў «наркатычны» артыкул

Паводле зьвестак руху «Маці 328», у месцах пазбаўленьня волі паводле «наркатычных» артыкулаў адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня 16 тысяч чалавек.

Адпраўным пунктам у жорсткім стаўленьні да затрыманых за наркотыкі стаў дэкрэт прэзыдэнта № 6 «Аб неадкладных захадах у супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў». Дэкрэт Лукашэнкі пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году.

Актывісткі руху 27 красавіка пачалі галадоўку. Так яны дамагаліся сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Пабачыцца зь ім жанчынам не ўдалося. 8 траўня, у разгар акцыі пратэсту, старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў, што кіраўнік дзяржавы дапусьціў «паблажкі», у антынаркатычнае заканадаўства, але «толькі ў дачыненьні спажыўцоў».

17 траўня стала вядома, што Палата прадстаўнікоў зьбіраецца разгледзіць зьмены ў Крымінальны кодэкс, у тым ліку і наконт наркотыкаў.

На пытаньне журналістаў, ці паўплывала на зьмены, што прапануюцца, галадоўка жанчын, якія выступалі за зьмякчэньне «наркатычнага» артыкулу, старшыня Пастаяннай камісіі нацыянальнай бясьпекі Валянцін Міхневічсказаў так:

«Ведаеце, акрамя галадоўкі быў маніторынг, мы вывучалі грамадзкую думку, і мне цяжка сказаць, што тут паўплывала — першае ці другое».

Дзявочыя радасьці ў няволі: «Падстрыгла грыўку...»
Дзявочыя радасьці ў няволі: «Падстрыгла грыўку…» © svaboda.org

Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад 5 гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

На знак пратэсту супраць жорсткасьці «наркатычнага артыкула» 27 красавіка актывісты руху «Маці 328», які аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

 

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить