Улады паабяцалі амніставаць непаўналетніх, асуджаных за наркатычныя злачынствы.

 Радыё Свабода 

 

«Маці 328» пасьля сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, кастрычнік 2018

Амаль 4 гадзіны абмяркоўвалі зьмякчэньне антынаркатычнага заканадаўства прадстаўніцы «Матчынага руху 328» з чыноўнікамі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

На сустрэчы былі прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, аховы здароўя, адукацыі, унутраных спраў, дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, Сьледчага камітэту, Генэральнай пракуратуры, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прадстаўнікоў Вярхоўнага Суду на сустрэчы не было, нягледзячы на «вялікую колькасьць пытаньняў» да ведамства, сказала Свабодзе Ларыса Жыгар з «Матчынага руху 328».

Ларыса Жыгар падчас галадоўкі «Маці 328», 2018 год

Паводле яе, усе пытаньні прадстаўніц руху запісалі і абяцалі прыняць да ведама.

Навошта зьбіраліся?

Летась Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні ўхваліла законапраект, які прадугледжвае зьмякчэньне пакараньняў за наркатычныя злачынствы. Зьмены павінны былі разглядацца ў другім чытаньні на восеньскай сэсіі Палаты, але гэтага не адбылося.

Прадстаўніцам «Матчынага руху 328» паабяцалі паведаміць, калі зьмены ў антынаркатычнае заканадаўства будуць разглядаць у Палаце прадстаўнікоў, сказала Жыгар. Вясновая сэсія Палаты пачнецца 2 красавіка.

Паабяцалі амніставаць непаўналетніх

Чыноўнікі паабяцалі прадстаўніцам руху, што найбліжэйшая амністыя асуджаных закране непаўналетніх і ўпершыню асуджаных за наркатычныя злачынствы, сказала Жыгар. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адправілі свае прапановы па амністыі ў Вярхоўны суд і МУС.

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч 12 сакавіка паведаміў, што законапраект аб амністыі падрыхтуюць «у найбліжэйшы час», каб Палата прадстаўнікоў пасьпела яго прыняць да Дня Незалежнасьці 3 ліпеня, пісала БелТА. Шуневіч заявіў, што ў сьпіс амніставаных будзе прапаноўваць уключыць тых, каго асудзілі за наркатычныя злачынствы паводле артыкулу 328.

Ігар Шуневіч, здымак 2017 году

Нагадаем, што папярэдняя амністыя ў 2015 годзе ня тычылася асуджаных за наркатычныя злачынствы.

На круглым стале закранулі яшчэ шэраг пытаньняў:

  • Сытуацыю зь непаўналетнімі асуджанымі;
  • Умоўна-датэрміновае вызваленьне і замену неадбытай часткі больш мяккім пакараньнем;
  • Рэабілітацыю і рэабілітацыйныя цэнтры для нарказалежных;
  • Умовы ўтрыманьня асуджаных у калёніях;
  • Правапрымяняльную практыку судоў.

На круглы стол запрасілі ня ўсіх

З грамадзкага боку на сустрэчу запрасілі толькі прадстаўніц «Матчынага руху 328». Улады тройчы забаранілі ўдзельнічаць у круглым стале ініцыятыве «Нашае права», якая абараняе правы вязьняў, сказала Свабодзе прадстаўніца кампаніі Тацяна Канеўская.

«Учора прыйшлі наўпрост у Палату прадстаўнікоў, размаўлялі з Чэканам (дэпутат Палаты Васіль Чэкан. — РС), і нам адмовілі», — сказала Канеўская.

 

АП

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить