«Мае ногі сінія ад каленяў да пояса», — вязень глыбоцкай калёніі № 13 паведаміў пра зьбіцьцё і папярэдзіў пра магчымасьць суіцыду

Алег Грузьдзіловіч Радыё Свабода

Пасьля інфармацыі пра самагубства ў шклоўскай калёніі вязьня Міхаіла Т. сваякі іншых вязьняў апавялі пра ціск з боку адміністрацыі і ахоўнікаў беларускіх калёній і турмаў.

«Мае ногі сінія ад каленяў да пояса», — вязень глыбоцкай калёніі № 13 паведаміў пра зьбіцьцё і папярэдзіў пра магчымасьць суіцыду
Ілюстрацыя ©Shutterstock

Гэтак, Вікторыя Лагвіненка расказала карэспандэнту Свабоды, што яе брат Аляксандар адбывае 11 гадоў зьняволеньня за распаўсюджваньне наркотыкаў у калёніі № 13 у Глыбокім.

«У канцы году брата разам зь іншым вязьнем зьбілі ахоўнікі проста ў атрадзе, перад строем іншых вязьняў. Ён паведаміў, што дагэтуль у яго ногі сінія ад каленяў да пояса: білі адмыслова па нагах, каб на твары не было сьлядоў пабояў. Цяпер кінулі на паўгода ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу, кшталту ізалятара ў турме. Кажа, што паспрабуе пратрымацца, але не выключае, што таксама давядзецца рабіць суіцыд, як ужо рабіў іншы вязень на пачатку году», — кажа Вікторыя Лагвіненка.

За што зьбілі вязьня Лагвіненку?

Прычыну канфлікту брата з ахоўнікамі калёніі Вікторыя ведае зь ягонага ліста. Што нібыта ў Аляксандра здарылася сварка з «заўгасам» атраду, і з гэтай прычыны вязьня перад строем зьбілі ахоўнікі. Пры чым тут «заўгас»?

«„Заўгас“ у атрадзе павінен адзначаць іх працу, рабіць справаздачы, — кажа Вікторыя. — Ён запатрабаваў, каб за тыя „галачкі“, што ён ставіць, вязьні яму яшчэ і плацілі. Грошай там няма, але плацяць хто чым: хто цыгарэтамі, хто гарбатай, цукеркамі, чымсьці з пасылак. Што была такая завядзёнка, мне сваякі іншых вязьняў пацьвердзілі. Але наш Саша абурыўся, і ўлетку ў яго з „заўгасам“ здарыўся канфлікт, дайшло нават да бойкі. Ён тады ў карцэры адседзеў за гэта. А перад навагоднімі сьвятамі канфлікт паўтарыўся, у іх зноў узьнікла сварка, але цяпер ня біліся, проста палаяліся. Разам з братам паводзінамі таго „заўгаса“ абураўся яшчэ адзін вязень. Дык вось іх удвох вывелі перад строем усяго атраду і пры адміністрацыі зьбілі палкамі па нагах гэтак, што цяпер ногі сінія. Пасьля гэтага ў цяжкім стане кінулі ў ПКТ, сказалі, што на паўгода».

Паводле зьвестак Вікторыі, інцыдэнт у глыбоцкай калёніі № 13 здарыўся 26 ці 27 сьнежня. На пачатку году яна тэлефанавала дзяжурнаму Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС і цікавілася здароўем зьбітага брата.

«Мне адказалі, што зьвестак пра зьбіцьцё ў іх няма, што нібыта ў калёніі ў тыя дні ўсё было добра, інцыдэнтаў не адбывалася», — сказала Вікторыя Лагвіненка.

«Вязень скочыў у вакно і разьбіўся»

Тое, што брат не выключае спробы самагубства, абумоўлена, паводле Вікторыі Лагвіненкі, складанай псыхалягічнай абстаноўкай у калёніі.

«Брат расказваў, што ў іх сьмерці здараюцца рэгулярна. Да жыцьця чалавека там ставяцца вельмі лёгка: сышоў — туды табе і дарога. Улетку на дрэваапрацоўчай вытворчасьці загінуў хлопец — у яго літаральна ўваткнуўся востры кавалак дошкі, які адскочыў ад станка. Памёр на вачах іншых вязьняў. Супрацоўнік адміністрацыі толькі памяняў яму абутак на казённы — каб для правяраючых выглядала, што ён працаваў без парушэньняў формы адзеньня. А як год пачаўся, другі вязень скочыў у вакно і разьбіўся — таксама аднесьлі на няшчасны выпадак. Дагэтуль у адной камэры чалавек ляжыць з апошняй стадыяй раку, памірае, але рэальнай дапамогі ніякай не атрымлівае. Акрамя парацэтамолу, які даюць ад усіх хваробаў, там больш нічога не дапросісься», — кажа Вікторыя Лагвіненка са слоў брата.

«Пасьля 6-га ўказу на зонах да былых наркаманаў ставяцца асабліва бесчалавечна»

Аляксандар Лагвіненка — індывідуальны прадпрымальнік з Гомеля, яму 32 гады. Вязень адбывае пакараньне паводле трэцяй часткі 328-га артыкула — гэта распаўсюджваньне наркотыкаў у складзе групы ці паўторна. Але ў судзе Аляксандар прызнаваў віну толькі па першай частцы гэтага артыкула. Сястра Аляксандра не выключае, што больш жорсткую частку сьледчыя «забясьпечылі» брату празь незаконныя захады.

Калёнія № 13 у Глыбокім — не для «першаходак». А за што Аляксандар сядзеў раней?

Вікторыя кажа, што гэта другая адседка брата за наркотыкі. Першая была яшчэ ў 20-гадовым узросьце — «пакурылі траўку зь сябрамі».

Свой першы тэрмін Аляксандар Лагвіненка адбываў у шклоўскай калёніі.

«Кажа, што такога прэсу, як цяпер, не было. Усё зьмянілася пасьля 6-га ўказу Лукашэнкі, якім павялічылі пакараньні за наркотыкі. Пасьля гэтага на зонах да былых наркаманаў ставяцца асабліва бесчалавечна», — мяркуе сястра вязьня.

У глыбоцкай калёніі № 13 карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра зьбіцьцё і перавод у ПКТ вязьня Аляксандра Лагвіненкі.

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить