Павал Левінаў заклікае Лукашэнку амніставаць асуджаных па арт. 328 КК РБ

 Вiцебская Вясна 

 

Павал Левінаў заклікае Лукашэнку амніставаць асуджаных па арт. 328 КК РБ
Павал Левінаў

Прадстаўнік Беларускага Хэльсінскага камітэту на Віцебшчыне праваабаронца Павал Левінаў папрасіў Лукашэнку распаўсюдзіць меркаваную амністыю на асуджаных паводле арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных рэчываў). У прыватнасьці – вызваліць тых, хто зьдзейсьніў злачынства ў няпоўнагадовым узросьце, і ўдвая скараціць тэрмін тым, хто ўчыніў яго ва ўзросьце да 25 гадоў.

Прапанову ў выглядзе электроннага звароту Павал Левінаў даслаў у Адміністрацыю прэзыдэнта.

У Беларусі вядзецца зацятая вайна з наркотыкамі, у выніку якой замест буйных дастаўцаў за краты адпраўляюць маладых людзей ва ўзросьце ад 16 да 30 гадоў за распаўсюд рэчываў. Амаль палова зь іх адбываюць пакараньне ад 8 да 15 гадоў”, – гаворыцца ў звароце.

Праваабаронца піша пра тое, што суды, якія выносяць такія прысуды, не тлумачаць, якімі прынцыпамі кіруюцца, якія мэты перасьледуюць і што мусіць здарыцца з маладымі людзьмі за такі працяглы тэрмін. Між тым, пакараньне, на думку Паўла Левінава, ня мусіць мець намер зьняважыць чалавека, задушыць яго як асобу і разбурыць ягонае будучае і будучае яго сям’і.

Павал Левінаў сьцьвярджае, што падчас сьледзтва па справах сьледчыя заплюшчваюць вочы на шматлікія парушэньні закону і самі робяць памылкі.

У адпаведнасьці з Законам “Аб органах унутраных спраў”, адной з асноўных задач органаў УС ёсьць прафіляктыка і спыненьне злачынстваў. На практыцы гэтая норма Закону кульгае. Замест таго, каб папярэдзіць маладых людзей аб тым, што яны трапілі пад уплыў крымінальных элемэнтаў, службовыя асобы органаў унутраных спраў выкарыстоўваюць іх пры правядзеньні апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у выніку чаго моладзь пазбаўляецца свабоды”, – паведамляе Левінаў.

Вы даручылі падрыхтаваць праект нарматыўнага прававога акту аб прымяненьні амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, задумаліся і аб амністыі капіталу. У сувязі з гэтым, улічваючы прынцып чалавечнасьці і гуманнасьці, прапаную прадугледзець у ім вызваленьне ад адбыцьця пакараньня ўсіх, хто зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае арт. 328 КК РБ, у няпоўнагадовым узросьце, і ўдвая скараціць тэрмін пазбаўленьня волі тым, хто зьдзейсьніў дадзены від злачынства ва ўзросьце да 25 гадоў, а таксама паінфармаваць мяне аб прынятым рашэньні”, – просіць Павал Левінаў.

Як стала вядома, зварот Паўла Левінава ў Адміністрацыю прэзыдэнта быў адтуль перанакіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Пра гэта Левінаву паведамілі з Адміністрацыі.

Нагадаем, 25 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу распрацаваць законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі. Як паведамляе БелаПАН, апошнім разам амністыю праводзілі ў Беларусі ў 2015 годзе – з нагоды 70-й гадавіны Перамогі. Ад 1991-га году гэта была 14-я амністыя, якая закранула каля 9 тыс. асуджаных.

За амністыю асуджаных паводле арт. 328 выступаюць і віцебскія актывісты “Руху маці 328”, якія 1 сакавіка ў Віцебску раздавалі ўлёткі.

Зьміцер Міраш

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить