«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.

 Радыё Свабода 
«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.

У вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну чацьвёрты дзень трымаюць галадоўку тры актывісткі руху «Маці 328», дамагаючыся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі і больш радыкальнай лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула Крымінальнага кодэксу.

У Востраў увесь час прыяжджаюць іншыя актывісты, якія падтрымліваюць галадоўніц маральна. Са Свабодай яны падзяліліся сваімі гісторыямі і меркаваньнямі пра тое, што трэба паправіць у сыстэме барацьбе з наркотыкамі.

«Справу супраць сына сфальшавалі дзеля выкананьня пляну»

Галадоўка «Маці 328» праходзіць на лецішчы Алены Кузьміной. Для жанчыны гэта ўжо другая падобная акцыя. Яе сын Кірыл адбывае 9 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў.

«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.
Алена Кузьміна

Летась жанчына галадавала 18 дзён, страціла 15 кіляграмаў вагі. Лічыць у тым ліку і сваёй перамогай тое, што ў артыкул 328 нарэшце будуць унесеныя зьмены — на 2 гады зьніжана ніжняя мяжа пакараньня паводле 2 і 3 часткі. Але мяркуе, што гэтага недастаткова. Алена патрабуе перагляду ўсіх спраў па 328 артыкуле, бо падазрае масавыя фабрыкацыі доказаў. І дэманструе гэта на прыкладзе справы свайго сына.

«У аднаго хлопца ў кішэні знайшлі 0,024 грама „травы“, і майго сына асудзілі за тое, што ён нібыта перадаў гэты наркотык. Але доказаў — відэа, аўдыё — ніякіх, акрамя паказаньняў таго хлопца. А яго проста прыціснулі, тым больш што ў яго дзіця нарадзілася. Тры сьведкі-міліцыянты ў судзе зусім па-рознаму распавядалі, як адбывалася перадача наркотыка, хоць гэта нібыта адбывалася пад іх кантролем», — абураецца Алена.

Паводле жанчыны, справу супраць яе сына сфальшавалі проста дзеля выкананьня пляну па «закрыцьці наркаманаў».

«Раней ён пападаўся за ўжываньне, ну дык пасадзілі і за распаўсюд. Гэта ж лягчэй, чым расьсьледаваць сапраўдную справу», — кажа галадоўніца.

Перагляду спраў па 328 артыкуле, на думку Алены Кузьміной, недастаткова, каб кардынальна палепшыць сытуацыю ў змаганьні з наркотыкамі.

Таксама жанчына патрабуе пакараць тых міліцыянтаў, якія падкідаюць наркотыкі ў службовых мэтах.

«Сын зьбіраў грошы на вясельле»

Ала Берналь таксама абвясьціла галадоўку, якую спыняць не зьбіраецца.

«Пакуль не ўмяшаецца хуткая дапамога», — кажа жанчына пра тэрмін акцыі пратэсту.

«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.
Ала Берналь

Прынятыя 13 чэрвеня Палатай прадстаўнікоў папраўкі ў 328 артыкул яна называе нікчэмнымі. І спадзяецца, што пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам той аддасьць загад перагледзець справы па 328-м артыкуле, у тым ліку і справу яе сына Аляксандра.

«У хлопца была дзяўчына, яны сябравалі са школы, думалі пра шлюб. Але яна запатрабавала, каб вясельле прайшло ў Санкт-Пецярбургу. А дзе ўзяць грошы? Ён працаваў на двух працах, прыходзіў з працы і засынаў над талеркай супу — гэтак стамляўся. Відаць, вырашыў яшчэ падзарабіць і на гэтых закладках. І чаго дамогся? У свае 25 гадоў — 14 гадоў зьняволеньня. А яна праз 2 тыдні, як яго арыштавалі, сышла да іншага», — кажа Ала.

Паводле Алы Берналь, яе сына бяздоказна абвінавацілі ў дзеяньнях у складзе злачыннай групоўкі, хоць ён нікога з гэтай групоўкі ня ведаў, стасункі меў толькі праз інтэрнэт.

Галадоўніца спасылаецца на зьвесткі пра працэсы, дзе на лаве падсудных 17, 20, 30 чалавек, якія таксама адзін аднаго ня ведаюць.

«Такія справы фабрыкуюць міліцыянты з аддзелаў па барацьбе з наркотыкамі. Выконваюць плян, гоняцца за мэдалямі і зоркамі. Але калі ім трапляецца моладзь з багатых і ўплывовых сем’яў, дык справы афармляюць па мінімальнай частцы артыкула», — мяркуе суразмоўніца.

Мука замест «Альфа ПВП»

Сын Тацяны Аляксандар асуджаны за наркотыкі на 8,5 года.

«Я сама перахрысьціла яго, калі ішоў на гэтую працу… — кажа Тацяна і адразу выпраўляецца: — Не, не падумайце, што я ведала пра наркотык. Думала, ён ідзе на гутарку, бо даўно і беспасьпяхова шукаў працу, і вось блаславіла. А ўвечары ў нас ужо быў вобшук…»

«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.
Тацяна

Праз інтэрнэт-краму сын Тацяны знайшоў працу закладчыка. Да таго яго не ўзялі ні ў кампанію — апэратара мабільнай сувязі, ні на МТЗ. Яшчэ раней ён вярнуўся з «шабашкі» ў Сыбіры, дзе проста падманулі, нічога не заплаціўшы. Да таго ж перажываў крызіс у адносінах зь дзяўчынай.

Чаму сын пагадзіўся быць закладчыкам? «Тады ён прымаў нейкія лекі ад дэпрэсіі. Можа, гэта спрычынілася. Потым сказаў, што быў затарможаны, сам не разумеў, ува што ўляпаўся», — кажа маці.

Аляксандар пагадзіўся зрабіць 10 закладак невядомага яму парашку і ўсё выканаў. Як потым аказалася, яго адпачатку «вялі» супрацоўнікі міліцыі, а замест наркотыку насамрэч ён клаў звычайную муку. Гэта быў «сьледчы экспэрымэнт», скіраваны на тое, каб справакаваць схільных да лёгкага заробку людзей на злачынства і потым іх пакараць.

«Можа, закон і дазваляе гэткімі мэтадамі змагацца з наркаманіяй, але навошта міліцыянты выдалі ў дакумэнтах муку за наркотык „альфа ПВП“? — пытаецца жанчына. — Гэты наркотык лічыцца асабліва небясьпечным. У выніку сын атрымаў 8,5 года турмы, хоць сам ніколі наркотыкі не ўжываў, грошай за тыя закладкі не атрымаў».

Тацяна прайшла ўсе магчымыя апэляцыйныя суды, але пакуль зьменаў у вырак сына не дамаглася. Яна лічыць сябе ўдзельніцай акцыі пратэсту, хоць «па стане здароўя» сама не галадае.

«Хачу, каб нас пачуў прэзыдэнт, бо мы больш ня можам жыць спакойна, калі нашы дзеці пакутуюць на такіх вялікіх тэрмінах. Мы просім перагляду спраў».

«Прынятых зьменаў недастаткова»

Сваімі гісторыямі са Свабодай падзяліліся і Ўладзімер Агароднікаў, Марына Ўладыка і Анжаліка зь Менску, Тацяна Чарняўская з Барысава.

Яны таксама лічаць, што прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу зьменаў у антынаркатычны артыкул недастаткова, і далучаюцца да патрабаваньняў галадоўнікаў.

«Міліцыя фабрыкуе справы». Чаму «Маці 328» працягваюць галадоўку.

Чаго яшчэ патрабуюць актывісты руху «Маці 328»?

  • Прыбраць з закону паняцьце «асабліва небясьпечныя наркотыкі».
  • Адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.
  • Роспуску Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.

Алег Грузьдзіловіч, АШ

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить