Бацькі дзяцей, асуджаных паводле наркатычнага артыкулу, выйшлі да Палаты прадстаўнікоў.

 Радыё Свабода 
Бацькі дзяцей, асуджаных паводле наркатычнага артыкулу, выйшлі да Палаты прадстаўнікоў.
Бацькі сабраліся, каб перадаць заяву ў Палату прадстаўнікоў

Дзясятак бацькоў, чые дзеці асуджаныя за наркотыкі паводле артыкулу №328, сабраліся каля будынка Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнем лібэралізацыі заканадаўства.

Яны падпісалі калектыўны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі, у якім просяць зьмякчэньня тэрмінаў зьняволеньня, неадэкватных учыненым правапарушэньням.

У размове з карэспандэнтам Свабоды ўдзельнікі сказалі, што падтрымліваюць галадоўку актывістак руху «Маці 328» і іхныя прэтэнзіі, ад сябе яшчэ патрабуюць адмысловага перагляду 4-й часткі наркатычнага артыкулу.

Бацькі дзяцей, асуджаных паводле наркатычнага артыкулу, выйшлі да Палаты прадстаўнікоў.
Тэкст звароту да Лукашэнкі і дэпутатаў

Пераважна сабраліся маці непаўналетніх; далучылася сям’я з Узбэкістану, чый сын атрымаў 8-гадовы тэрмін зьняволеньня. Усе зьвяртаюць увагу, што іх дзеці папаліся ўпершыню. Усе свае аргумэнты выкладзеныя ў звароце, які будзе перададзены ў парлямэнт. Агулам падпісаліся 13 чалавек.

У асобным звароце бацькі патрабуюць амністыі ўсім непаўналетнім, асуджаным паводле артыкулу 328.

Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным кантралююць сытуацыю, але да пікетоўцаў пакуль не падыходзяць, не папярэджваюць пра недапушчальнасьць правядзеньня «масавай акцыі».

Тым часам здарыўся ініцыдэнт у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну, дзе дзясяты дзень працягваецца галадоўка актывістак «Маці 328».

Гаспадыня лецішча Алена Кузьміна, дзе адбываецца акцыя, расказала, што зь іншымі жанчынамі праводзіла на прыпынак каляжанку зь іншага гораду, і ў гэты час іх затрымалі мясцовыя міліцыянты, якія пільнуюць непадалёку. Усіх даставілі ў аддзел, там цягам гадзіны пратрымалі, пакуль перапісвалі зьвесткі. Пасьля гэтага адпусьцілі.

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить