Актывісткі руху „Маці 328” зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.

Крынiца

Лідар руху „Маці 328” пенсіянерка Ларыса Жыгар зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання па Гродзенскай-Занёманскай акрузе № 49, сведчаць дадзеныя, апублікаваныя 18 кастрычніка на сайце Цэнтрвыбаркама.

Кіраўніка ініцыятывы, якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па антынаркатычным арт. 328 Крымінальнага кодэкса, вылучыла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

За дэпутацкі мандат у гэтай акрузе будуць змагацца пяць кандыдатаў. Акрамя Жыгар на месца ў Палаце прадстаўнікоў прэтэндуюць член Беларускай партыі „Зялёныя” старшыня праўлення ГА „Гродзенскі цэнтр прававой дапамогі спажыўцам” Жанна Гасцяева, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі педагог дадатковай адукацыі гродзенскай гімназіі № 2 Анатоль Мальцаў, беспартыйныя галоўны ўрач гродзенскай дзіцячай паліклінікі № 1 Ірына Луканская і дырэктар кампаніі „РМБСпай” Артур Рымша.

Па Гомельскай-Савецкай акрузе № 34 кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваная актывістка руху „Маці 328” Таццяна Канеўская, якая часова не працуе. Яе вылучэнне падтрымала Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Сапернікамі Канеўскай па акрузе выступаюць член ЛДП юрыст кампаніі „Экалогіка” Вольга Ігнаценка, член Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы ААТ „Кірмаш” Віктар Барысаў, а таксама беспартыйны начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала.

Аб руху „Маці 328” (таксама „Матчын рух 328”) стала шырока вядома пасля галадоўкі, якую актывісткі аб’явілі ў канцы красавіка 2018 года. Акцыю, якая пачалася ў Калінкавічах і Пухавіцкім раёне, пасля падтрымалі ў многіх гарадах Беларусі.

Актывісткі дамагаюцца змены антынаркатычнага заканадаўства, а таксама справядлівай кваліфікацыі дзеянняў сваіх дзяцей, паколькі, як яны сцвярджаюць, органы следства штучна завышаюць ступень віны тых, хто трапіўся з наркотыкамі, імкнучыся выставіць іх распаўсюджвальнікамі, за што прызначаецца больш суровае пакаранне.

belapan.by

>
Пролистать наверх