У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкулу 328

 Радыё Свабода 

 

Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота
Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота

Старшыня камісіі ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік заявіла Свабодзе, што цяперашняя рэдакцыя артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу прыводзіць да напружанасьці ў грамадзтве.

Камісія ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў лічыць, што артыкул 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў») павінен быць зьменены. Так заявіла Свабодзе 2 траўня старшыня камісіі Натальля Гуйвік. Яна заявіла, што цяперашняя рэдакцыя гэтага артыкулу прыводзіць «да сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве».

«Правапрымяняльная практыка, дзякуй Богу, толькі цяпер пачала выпраўляцца. Усё ж апошнім часам да гэтай праблемы пачалі падыходзіць дыфэрэнцавана. І сёньня ўжо адрозьніваюць сумеснае ўжываньне наркотыкаў і іх збыт. На мой погляд, гэта дзьве розныя рэчы. А ў нас з 2014 году чамусьці да гэтых дзьвюх падзей ставіліся аднолькава», — рэзюмуе Натальля Гуйвік.

Старшыня камісіі прызнае, што актывісткі руху «Маці 328», чые сыны, мужы ды ўнукі асуджаны на вялікія тэрміны паводле артыкулу 328, «зрабілі вялікую працу»:

«Яны зьвярнуліся да нас у камісію па заканадаўстве. Бо мы ж раней гэтага ня ведалі, прысудаў ня бачылі. Ліст у камісію падпісалі 1382 чалавекі. І мы спрабавалі сустрэцца з кожнай жанчынай. Дэпутаты пачалі праводзіць маніторынг, вывучалі кожны прысуд. Мы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру. І нават па адным прысудзе быў перагляд у бок зьмякчэньня».

Урад абяцаў вызначыць зьмены да артыкулу 328 у сакавіку. Але дакумэнт яшчэ не паступаў.

Натальля Гуйвік кажа, што дэпутаты сутыкнуліся з праблемай артыкулу 328 яшчэ ў 2016 годзе. Ліст 1328 жанчын паступіў у камісію ў красавіку 2017 году.

«З таго часу мы пачалі канкрэтна займацца 328-м артыкулам. Але, каб зьмяніць закон, трэба прайсьці празь некалькі стадыяў: канцэпцыя зьменаў, іх абгрунтаванасьць, непасрэдная рэдакцыя артыкулу, стварэньне працоўнай групы, узгадненьне з усімі зацікаўленымі і г. д. Звычайна на ўсё гэта патрэбен дзесьці адзін год. Згодна з плянам-графікам заканадаўчай дзейнасьці праект зьменаў урад павінен быў унесьці ў сакавіку 2018 году», — тлумачыць старшыня камісіі.

За мінулы год у Палаце прадстаўнікоў зьмянілася профільная камісія, якая курыруе зьмены да Крымінальнага кодэксу. Ёй стала камісія нацыянальнай бясьпекі. У гэтай камісіі таксама пацьвердзілі, што адпаведнага дакумэнту з Саўміну ёй не паступала.

Натальля Гуйвік кажа, што ў зьмене профільнай камісіі няма нічога асаблівага:

«Камісію ў пытаньнях заканадаўства крыху разгрузілі. Крымінальны кодэкс вярнулі ў кампэтэнцыю камісіі нацыянальнай бясьпекі, як калісьці і было. Але паколькі мы займаліся гэтай праблемай шчыльна, то ня будзем і цяпер пакідаць яе па-за ўвагай. Мы сваіх прапаноў не здымаем. Яны ўнесеныя ў законапраект».


​27 красавіка актывісткі руху «Маці 328», чые сыны, мужы ды ўнукі асуджаныя на вялікія тэрміны паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў»), пачалі галадоўку. Удзел у галадоўцы бяруць 14 чалавек.

Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах
Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах

Яны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для размовы аб праблемах вязьняў, асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за распаўсюд наркотыкаў. Жанчыны настойваюць на лібэралізацыі гэтага артыкулу і на ўтварэньні камісіі, якая пачне вывучаць былыя крымінальныя справы, заведзеныя паводле яго.

2 траўня сямёра галадоўніц руху «Маці 328» выправіліся ў Менск у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе а 16-гадзіне мае адбыцца сустрэча з кіраўніцай спраў Натальляй Качанавай. У адміністрацыі Лукашэнкі пацьвердзілі сустрэчу з галадоўніцамі.

Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад пяці гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Уладзімер Глод

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить

Подписаться на уведомления об обновлениях на сайте в Telegram  
Не забудьте в открывшемся окошке внизу нажать "присоединиться".