Галадоўніцы з Калінкавіч выклікалі «хуткую» і міліцыю. Адна зь іх вырашыла спыніць акцыю пратэсту.

 Радыё Свабода 

Восьмы дзень у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне галадаюць 14 удзельніц руху «Маці 328», чые сваякі пакараныя вялікімі тэрмінамі зьняволеньня паводле «наркатычнага» артыкулу 328. Да сямі галадоўніц у Калінкавічы сёньня прыяжджала хуткая мэдычная дапамога, а таксама двое міліцыянтаў.

Што важна ведаць:

  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі 4 траўня адкладзеная на няпэўны час.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

66-гадовая Людміла Пімяноўская 3 траўня амаль не ўставала са свайго ложка. Яна галадае разам зь іншымі шасьцю мацяркамі за ўнука Станіслава. Жанчыне сёньня стала блага, узровень цукру ў крыві стаў крытычна нізкі.

Людміла Пімяноўская
Людміла Пімяноўская

«Мэдыкі зрабілі Людміле Міхайлаўне ўкол глюкозы, каб падтрымаць арганізм», — сказала Свабодзе іншая галадоўніца Ліяна Шуба.

Сёньня Пімяноўскую маюць забраць дадому сваякі са Жлобіну. Яна вырашыла пасьля гэтага спыніць галадоўку праз дрэннае самаадчуваньне. Апроч таго, дома Людмілы Пімяноўскай няма каму даглядаць хворага мужа, стан здароўя якога пагоршыўся.

У Ліяны Шубы таксама ўпаў узровень цукру ў крыві, яна адчувае млосьць і слабасьць.

«Мэдыкі і мне спрабавалі зрабіць укол глюкозы, але не ўдалося. Моцна звужаныя вены. Прапанавалі прымаць пігулкі альбо дадаваць у пітную ваду лыжачку мёду», — кажа Ліяна.

Галадоўніцы спрабавалі прайсьціся на сьвежым паветры. Адолелі ня больш за 500 мэтраў — ва ўсіх слабасьць і галавакружэньне.

Афіцыйная газэта справакавала непаразуменьне ў суседзяў

У апошнія дні зьмянілася стаўленьне суседзяў да галадоўніц.

Яны пачыталі артыкул у абласной газэце «Гомельская праўда» і пачалі заяўляць, што на галадоўніц трэба наслаць міліцыю і выселіць іх з кватэры Алены Казаковай. Суседзі кажуць, што жанчыны нібыта не галадаюць, а смажаць бульбу, шашлыкі, музыку ўключаюць.

Алена Казакова (зьлева)
Алена Казакова (зьлева)

Ліяна Шуба расказала пра гэта старшыню Калінкавіцкага райсавету Віктару Замосьціку, папрасіла ўлагодзіць сытуацыю. Пасьля гэтага да іх прыяжджалі два супрацоўнікі міліцыі, пагутарылі з суседкамі. І тыя зноў сталі вітацца з галадоўніцамі.

4 траўня жанчыны з Каліновіч мелі сустрэцца з генэральным пракурорам Аляксандарам Канюком. Аднак напярэдадні галадоўніцам паведамілі, што сустрэча пераносіцца на няпэўны тэрмін.

Да галадоўкі далучыліся ў Віцебску

Тым часам у Пухавіцкім раёне таксама восьмы дзень галадоўку пратэсту працягваюць яшчэ 7 жанчын з руху «Маці 328». Пра пачатак галадоўкі з 3 траўня абвясьціла актывістка гэтага руху зь Віцебску Натальля Шарыпа.

27 красавіка ў Беларусі абвясьцілі бестэрміновую галадоўку жанчыны з грамадзкай ініцыятывы «Рух „Маці 328“», якія патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычных законаў, стварэньня камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году
Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году

У галадоўцы, якая праходзіць у Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, бяруць удзел да 14 жанчын, яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі ў Магілёве.

Пасьля сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай актывісткі заявілі, што будуць працягваць галадоўку. Найбольш рэальным для выкананьня яны лічаць сваё патрабаваньне лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Натальля Качанава, паводле ўдзельніц сустрэчы, паабяцала ім, што пра галадоўку і патрабаваньні галадоўніц будзе тэрмінова паведамлена Аляксандру Лукашэнку. Пазьней стала вядома, што Качанава дала даручэньне паскорыць унясеньне зьменаў у антынаркатычнае заканадаўства.

АЯ

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить

Подписаться на уведомления об обновлениях на сайте в Telegram  
Не забудьте в открывшемся окошке внизу нажать "присоединиться".