У Горадні актывістку руху «Маці 328», якая папярэдзіла пра галадоўку, выклікалі ў гарвыканкам.

 Радыё Свабода 

 

У Горадні актывістку руху «Маці 328», якая папярэдзіла пра галадоўку, выклікалі ў гарвыканкам.
Гарадзенскі гарвыканкам © svaboda.org

Актывістка руху «Маці 328» Натальля Горбач мела сёньня размову з намесьніцай старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Зояй Кулешай.

Паводле Горбач, на размову ў гарвыканкам яе запрасілі праз тэлефон. Яна адна з тых актывістак, хто падаваў на мінулым тыдні зварот з паведамленьнем аб пачатку галадоўкі ў Горадні.

Намесьніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша цікавілася ў Натальлі Горбач яе самаадчуваньнем, пыталася, ці патрэбная дапамога мэдыкаў і псыхолягаў.

«Яна сказала, што як жанчына вельмі спачувае мне, і сказала, што да прэзыдэнта жанчынам з руху „Маці 328“ удалося таксама дастукацца. Маўляў, кажыце, калі патрэбная нейкая дапамога, то Горадзенскі гарвыканкам будзе рады дапамагчы», — сказала Натальля Горбач.

Горбач дапамогі не прасіла. Яна сказала намесьніцы старшыні гарвыканкаму, што нязгодная з прысудам свайму сыну (яму было 17, калі яго асудзілі на 9 гадоў па артыкуле 328), што падчас суду было шмат парушэньняў і ніхто на гэта не зьвяртаў увагі.

«Я ёй патлумачыла: каб ня столькі несправядлівых прысудаў па ўсёй Беларусі было вынесена па артыкуле 328, то ніякага руху „Маці 328“ ня ўзьнікла б. На гэта яна нічога мне не сказала, акрамя таго, што разумее, але ня ў ейнай уладзе перагледзець прысуд майму сыну», — сказала Горбач.

Натальля Горбач паведаміла Свабодзе, што іншыя актывісты руху «Маці 328» маюць далучыцца да галадоўкі з 10 траўня ў Лідзе.

Што важна ведаць:
  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца.
  • Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

 

ММ

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить