«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.

 Наша Нinа 

27 красавіка маці асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі распачалі галадоўку. Галоўныя іх патрабаванні — сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляд крымінальных артыкулаў за ўжыванне наркотыкаў не выкананыя, і жанчыны працягваюць галадаць у Калінкавічах, Віцебску, а таксама ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна.

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Лагер удзельніц руху «Маці-328» у вёсцы Востраў © Наша Нinа

Жанчыны сварацца з дзяржаўнай прэсай і не ведаюць, колькі яшчэ змогуць працягнуць без ежы. Але нават на выпадак, калі голад скончыцца, у іх ужо ёсць новыя задумы.

Мы наведалі лагер удзельніц руху «Маці-328» у вёсцы Востраў, каб распытаць пра іх план дзеянняў на будучыню і пацікавіцца, што яны думаюць наконт абвінавачванняў у дрэнным выхаванні дзяцей.

Наталля Старавойт (Гродна)

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Наталля Старавойт (Гродна) © Наша Нinа

— Галадаю 11 дзень, і, калі шчыра, пачуваю сябе не вельмі. Днямі страціла прытомнасць, згубіла 6,5 кілаграма, у крыві — нізкі гемаглабін. Мы самастойна кожны дзень узважваемся, здаем кроў, каб кантраляваць свой стан, штодня прыязджае фельдшар з Пухавіч, каб памераць ціск.

Спачатку я прыехала ў Востраў проста каб далучыцца да групы падтрымкі, а пасля вырашыла і галадаць. Муж не ведаў пра маё рашэнне, цяпер амаль кожныя дзве гадзіны тэлефануе. Вядома, перажывае, але адпусціў мяне дзеля гэтай справы ў неаплатны адпачынак — у нас прыватнае прадпрыемства.

У мяне чацвёра дзяцей: тры дзяўчынкі і Кірыл. Псіхіятр у мяне неяк запытаўся: «Вы ведаеце, што несяце адказнасць за сваіх непаўнагадовых дзяцей»? Вядома, я разумею гэта, але для нас галадоўка стала дадатковым шанцам хоць неяк заявіць пра сябе, прыцягнуць увагу, бо мы не першы год абіваем парогі чыноўнікаў, абышлі ўсіх мясцовых дэпутатаў, накіроўвалі зварот Лукашэнку… Ніхто ніяк не рэагуе і не хоча пераглядаць справу. Толькі следчыя змяняюцца і змяняюцца.

Кірыл займаўся каратэ, пастаянна наведваў трэніроўкі: ён мае 97 спартыўных узнагарод. Як паступіў на першы курс, паралельна працаваў фатографам. То бок, не гультай. Дыскатэкі і бары ён амаль не наведваў. Так, некалькі разоў на дні народзінаў. Таму для нас усіх стала шокам, калі яго затрымалі ў 2016-м. Яму было 19 год…

На той момант нам нават ніхто пра яго затрыманне не паведаміў. Ні з міліцыі, ні з бальніцы. Справа ў тым, што падчас першага допыту Кірыл «выпаў» з чацвёртага паверха аддзялення. Атрымаў цяжкія траўмы. У хуткай яго толькі пакалолі і накіравалі назад. Пра тое, што адбылося, мы даведаліся, калі дадому прыйшлі з вобыскам — не знайшлі нічога. Ні ў перапісках на камп’ютары, ні ў тэлефоне сына — таксама. Наш адвакат так і казаў пракурору: «Як можна прасіць 12 год, калі няма ніводнага доказу?».

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.

Справа завязаная на тым, што яго і сябра затрымалі з пакецікамі «Альфа-ПВП». Яны з’ездзілі за наркотыкам у Мінск на машыне. І кажуць, што адзін з пакецікаў быў у сына на руках пры затрыманні, але ні слядоў ад пальцаў там не было, ні відэакамеры гэтага ніяк не зафіксавалі. Я ўпэўненая, што гэта ў яго была першая і адзіная паездка. Проста хлапчуковае глупства: юнакі хацелі зарабіць хуткія грошы.

(Падрабязнасці справы Наталля не распавядае, бо «гэта няважна» — Рэд.)

Трэці тыдзень ад Кірыла няма званка, хаця звычайна штотыднёва ён тэлефануе. Думаю, у 17-й калоніі ўключылі меры прэсінгу на дзяцей у сувязі з галадоўкай. Там жудасна абыходзяцца з людзьмі!

Пра дадатковую галадоўку дзяцей і гаворкі быць не можа: там гэта адразу жорстка караецца.

Калі апошні раз была з ім на спатканні, сын прасіў мяне паехаць на адпачынак, бачыў, у якім я стане. Кірыл і сам змяніўся: стаў больш маўклівым, замкнёным. Але казаў, што ўсё асэнсаваў. І я лічу, што за такое глупства, для розуму, яму б хапіла гады два калоніі.

Мяне псіхіятр неяк спытаў: «Чаму ў вас так, можа, канфлікт нейкі быў?». Але ўсе ў нас жылі душа ў душу. Дзеці дык і ўвогуле адзін за аднаго гарой стаялі заўсёды. Але, канечне, дзеці дома і па-за яго межамі розныя. Яны па-іншаму вядуць сябе ў кампаніях. Мы самі, згадайце, цішком віно пілі ці яшчэ што — такі юнацкі максімалізм.

Канечне, мы супраць наркотыкаў і за будучыню краіны без іх. Але ўсё гэта з’явілася не проста так. Хто і як правёз буйную партыю наркотыкаў у краіну? Без мытні, міліцыі гэта немагчыма. Чаму ж за ўсё адказваюць падлеткі? Тут уся краіна, пачынаючы з вярхоў, павінна адказваць.

Трэба казаць праўду, гучна заяўляць пра яе. Бо сёння ў нашай дзяржаве нават галаву нельга падняць, каб сваё меркаванне выказаць. Але як аптыміст я веру, што нешта зменіцца, што заканадаўства перагледзяць. І ад нас усіх тут многае залежыць.

P. S.: Пасля таго, як мы з’ехалі з вёскі, дзе маці трымаюць галадоўку, стала вядома, што Наталля зноў страціла прытомнасць і яе забралі дадому.

Марына Насер (Мінск)

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Марына Насер (Мінск) © Наша Нinа

— Я займаюся фітнэсам, таму, відаць, лепш пераношу галадоўку. Але яна ўсё адно ўжо дрэнна ўплывае на арганізм. У калоніі, дзе сядзіць сын, пра нашы дзеянні ўжо ведаюць. Сын пытаўся ў лісце, ці праўда гэта. Пакуль я не дома, папрасіла сваю маці адказаць коратка: «Напішу пазней. Ведай, што маці за цябе гарой». Ён усё зразумее.

З майго сына зрабілі арганізатара групоўкі — і гэта нейкі маразм, бо на момант затрымання яму было 17 год, і хоць ён хлопец някволы, разумны, ён ніяк не мог кіраваць 20-30-гадовымі людзьмі. З яго зрабілі наркабарона, але дзе тады яго грошы, маёмасць і гэтак далей? У СІЗА адвакат прамым тэкстам сыну казаў: «Скажы, дзе схаваў свае скарбы, — на іх міліцыянеры доўга змогуць жыць, не працуючы».

Пачалося з таго, што два гады таму па артыкуле 328 Мілад атрымаў два гады ўмоўна як спажывец.

Сына паставілі на ўлік, і пры гэтым ўсё адно абмовіліся, што яшчэ пасадзяць.

Прайшоў год з невялікім, і ў нашу кватэру ўварваліся аператыўнікі. Ні мяне, ні маці не было дома. Там знаходзіўся толькі сын з сябрамі. Спачатку людзі без формы памыліліся дзвярыма і «заламалі» суседку, што выйшла на лесвіцу папаліць, а пасля — маю маці, якая вярталася з паліклінікі. На яе крыкі Мілад і выскачыў з дома, пачаў крычаць. Толькі пасля аператыўнікі прадэманстравалі хоць нейкі дакумент.

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Лагер удзельніц руху «Маці-328» у вёсцы Востраў © Наша Нinа

Абшукалі ўсю кватэру. Прасілі аддаць «усё» па-добраму, бо ім «усё вядома». Але нічога не знайшлі. Забралі сына ў РАУС. Там, як я зразумела, атрымалі вымову ад начальства і адпусцілі Мілада пасля таго, як ён падпісаў распіску, што ніякіх прэтэнзій да іх не мае.

Потым была яшчэ адна спроба затрымання: у машыне яго сябра ў пачцы ад цыгарэт знайшлі марыхуану, а ў тэлефоне — нататкі са спасылкамі на закладкі наркотыкаў. Тэлефон сына паставілі на праслухоўванне.

І праз некаторы час, калі Мілад ехаў на таксі да дзяўчыны, яму патэлефанаваў знаёмы, папрасіў па дарозе падабраць, бо ў яго няма грошай. Толькі той сеў у машыну, як аператыўнікі абодвум заламалі рукі і забралі ў аддзяленне.

Вобшукі дома праводзіліся разоў пяць, але ні яны, ні генетычныя экспертызы нічога не пацвердзілі.

Адзінае, у чым сын вінаваты — гэта ў тым, што за два тыдні да затрымання пакурыў з сябрамі траўку ў лазні: у яго мачы і выявілі наркатычны складнік.

Але ён жа не начальнік. Звычайны спажывец — не больш! За што даваць 4-ю частку артыкула, на якой падставе?

Чамусьці сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў ёсць меркаванне, што, калі ты аднойчы недзе засвяціўся, то ў любым выпадку — злачынец і павінны сесці. Няма жадання весці прафілактычную працу, папярэдзіць, засцерагчы. Яны, быццам, наўмысна штурхаюць на злачынствы. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з іх прэміямі і павышэннем.

Чаму я сама не ахоўвала сына ад такіх «сяброў»? А ў такіх сябрах цяпер любы двор у Беларусі.

Калі я сустракаю маці, якія кажуць мне, што іх дзеці ніколі не будуць звязаныя з наркотыкамі ніякім чынам, я смяюся. Глупства гэта! На сёння ўся краіна ў наркотыках.

Але тое, што сябар сына быў менавіта «мінёрам», я не ведала. Ён быў добрым хлопцам: заўсёды адвозіў нас на лецішча, калі трэба было.

Тое, што ва ўсім вінаватыя дрэннае выхаванне і атмасфера ў сям’і — хлусня. Так, я ў разводзе з мужам, але мы падтрымліваем цёплыя адносіны і дапамагаем адзін аднаму. Сын ніколі не прыходзіў дадому ў неадэкватным стане. Быў першым памочнікам: агарод капаў, касіў і ўсё астатняе рабіў. Планаваў дапамагаць мне ў бізнэсе…

А што наша грамадства? Нашы ідэолагі? Дзе праграмы для маладых людзей, якім няма за што жыць? Калі хлопец вымушаны ісці на працу за 250 рублёў — гэта адна справа. А пасля ў інтэрнэце яму прапаноўваюць 500 даляраў за закладкі. Яны і вядуцца на «лёгкія» грошы, упэўненыя, што менавіта іх не схопяць.

У турмах, канечне, сядзяць і тыя, хто вырошчваў нешта дома, мак там. Але іх адзінкі. Дылераў у нашай краіне амаль няма: яны ўсе за мяжой, неапазнаныя і не выкрывальныя. Дык за што тады сядзяць дзеці? Моладзь — гэта наша будучыня, а што будзе з хлопцамі, якія выйдуць на волю праз 15 год? Калі звычайны чалавек не можа ў нас працаўладкавацца, то што будуць рабіць яны пасля зоны? Цяпер мы будуем краіну зэкаў, а хутка атрымаем краіну бамжоў.

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Лагер удзельніц руху «Маці-328» у вёсцы Востраў © Наша Нinа

 

«Чаму за ўсё адказваюць падлеткі? Уся краіна павінна адказваць». Маналогі «Маці 328», якія галадаюць за сваіх асуджаных дзяцей.
Лагер удзельніц руху «Маці-328» у вёсцы Востраў © Наша Нinа

Што далей?

Наталля Лявухіна, чый сын прысуджаны да 8 гадоў, прыехала ў лагер, каб падтрымаць маці пасля «зневажальнага» сюжэта пра іх на БТ. Кажа, што нават калі аднойчы спыняцца галадоўкі, удзельніцы руху «Маці-328» працягнуць дзейнічаць іншымі метадамі, пра што загадзя паведамілі ў зваротах, якія накіравалі ў МУС, КДБ, Адміністрацыю прэзідэнта, Савет Рэспублікі і ў іншыя органы:

«Мы ўсе станем блогерамі, якія будуць данасіць праўду праз інтэрнэт, станем апазіцыяй, якую яны выгадавалі самі, ператворымся ў пільных грамадзянак, якія лёгка пагоршаць статыстыку асуджаных па гэтым артыкуле. Ёсць у планах і запуск піяр-кампаніі «Бойцеся нараджаць хлопчыкаў у Беларусі» (яны ў нас або загінуць у арміі, або трапяць у турму). Але мы спадзяешся, што ўлада зменшыць свае надзеі на турэмнае выхаванне і ад крымінальнай палітыкі пяройдзе да прафілактычных дзеянняў».

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить