Наркаманаў трэба лячыць, а не саджаць на 10 гадоў, — Вольга Кавалькова.

 Радыё Свабода 

 

Вольга Кавалькова

Госьць «Інтэрвію тыдня» — сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. Яна тлумачыць, чаму БХД падтрымлівае «Маці 328», распавядае, чаму ўлады не гатовыя прызнаваць свае памылкі, і адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці лічыць сябе фэміністкай.

Даюць вельмі вялікія тэрміны толькі за намер на збыт наркотыкаў, які нават не даказаны

— Беларуская хрысьціянская дэмакратыя вельмі актыўна далучылася да праблемы лібэралізацыі, зьмяншэньня пакараньня за правапарушэньні, зьвязаныя з наркотыкамі. Вы падтрымліваеце рух маці асуджаных «Маці 328». Чаму БХД прымае такі актыўны ўдзел у гэтай тэме?

— Наша супраца пачалася ў лістападзе 2016 году з таго, што да нас зьвярнулася адна з актывістак з Бабруйску. Я прааналізавала прысуд і пабачыла, што тут шмат пытаньняў і да праваахоўных органаў, і да судовай сыстэмы, і да тых тэрмінаў, якія давалі асуджаным за першы раз. Яны ніколі не былі па ніжняй плянцы, а заўсёды сярэдні ці высокі тэрмін. Потым мы шчыльней зьвязаліся з маці асуджаных — і пабачылі ўвесь маштаб праблемы.

На сёньня ў краіне 16 тысяч асуджаных па артыкулах, зьвязаных з распаўсюдам наркотыкаў. І гэты артыкул 328 паказаў, як лякмусавая папера, усе тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі ў праваахоўнай сыстэме.

— Грамадзтва ў Беларусі на сёньня ня самае мяккае і лібэральнае. У сацыяльных сетках, нават у даволі прагрэсіўным фэйсбуку можна пабачыць дыскусіі, калі некаторыя людзі пачынаюць абурацца — навошта абараняць тых, хто распаўсюджвае наркотыкі? Маўляў, так ім і трэба, і ніякага зьніжэньня пакараньня ня можа быць.

— Я таксама як грамадзянін і як чалавек кансэрватыўных поглядаў лічу, што людзі, якія сапраўды займаюцца распаўсюдам наркотыкаў, павінны несьці вялікае пакараньне. Праблема, аднак, у тым, як кваліфікуюцца розныя дзеяньні. Напрыклад, даюць вельмі вялікія тэрміны толькі за намер на збыт наркотыкаў, які нават не даказаны. То бок ён меў наркотыкі, але не даказана, што ён хацеў іх распаўсюдзіць.

Таму ў нашых прапановах мы якраз разьмяжоўваем захоўваньне і збыт, калі яго віна ў тым, што ён распаўсюджвае, даказаная. Але цяпер вельмі шмат людзей сядзіць фактычна за намер збыту, які, на мой погляд, не даказаны ў поўным аб’ёме — прынамсі ў тых матэрыялах, якія я вывучала.

Зразумела, што ёсьць хворыя людзі, наркаманы. Яны вымушаныя набываць сабе наркотыкі, бо па-іншаму ня могуць. Для такіх людзей мы прапаноўваем пазбаўленьне ад крымінальнай адказнасьці. Такіх людзей трэба лячыць, а не саджаць на 10 гадоў.

— А як грамадзтва ў цэлым рэагуе на вашу кампанію? Ці чуеце вы рэакцыю кшталту «навошта абараняць наркаманаў»? Ці разумеюць людзі, што спажыўцы наркотыкаў ніякіх злачынстваў ня робяць, ці для большасьці ўсе яны ў адной групе?

— Шчыра кажучы, ня чула абвінавачваньняў у наш бок, што мы абараняем наркаманаў. На мой погляд, праблема ёсьць, і нават супрацоўнікі дзяржаўных структураў — пракуратуры, Сьледчага камітэту, Вярхоўнага суду — на розных круглых сталах не адмаўляюць гэтага. Іншая справа, як яе вырашаць.

Трэба заканадаўства, якое рэгулюе гэтую тэму, удасканальваць. Каб не атрымлівалася, што людзі, якія прадаюць кіляграмы цяжкіх наркотыкаў і такія ж памеры «шышак», сядзяць аднолькава. Ёсьць відавочныя перакосы. Нельга, каб атрымлівалася так, што людзі, якія гандлююць і якія ўжываюць, сядзяць на аднолькавых тэрмінах.

— Ёсьць грамадзянская кампанія Legalize Belarus, якая выступае больш радыкальна за легалізацыю марыхуаны, напрыклад. Ад некаторых прадстаўнікоў БХД я чуў, што тыя ледзь не дыскрэдытуюць вашыя дзеяньні. Як вы да іх ставіцеся?

— Мы выступаем супраць легалізацыі любых наркотыкаў. Такія дзеяньні, калі яны заангажоўваюць сваякоў людзей, якія зараз сядзяць за кратамі, — дыскрэдытуюць увесь гэты кірунак. Бо атрымліваецца, што асуджаныя выступаюць за легалізацыю.

Дзяржава тады можа сказаць — «О, дык яны сядзяць за тое, што трэба, бо яны за легалізацыю наркотыкаў». Яны могуць выкарыстаць гэта супраць нас, так і было зроблена па Беларускім тэлебачаньні. Я лічу, што для гэтага пакуль ня час. Пры тым грамадзтве, якое існуе ў Беларусі, уздымаць пытаньне легалізацыі — гэта нерэалістычна і не адэкватна сытуацыі ў краіне.

Можа, яны нават разумеюць, што была зроблена памылка, — але аўтарытарны рэжым памылкі прызнаваць не гатовы

— За гэты час вы нярэдка сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады па гэтай тэме. Якія ў іх самыя папулярныя аргумэнты? Яны неяк тлумачаць сваю пазыцыю? Ці яны проста ведаюць адпаведныя словы Лукашэнкі на гэты конт і дзейнічаюць адпаведна ім?

— Усе гэтыя пагаршэньні сытуацыі з колькасьцю асуджаных і з тэрмінамі пачаліся пасьля таго, як быў прыняты Дэкрэт № 6. Пасьля гэтага сталі актыўна саджаць маладых людзей 18–20 гадоў. Нашая ўлада такая — яна прыняла, стала прымяняць. І цяпер, можа, яны нават разумеюць, што была зроблена памылка, — але аўтарытарны рэжым памылкі прызнаваць не гатовы. І калі мы будзем патрабаваць, каб усе крымінальныя справы былі перагледжаныя — то сама дзяржава на гэта, зразумела, ня пойдзе, бо для іх гэта прызнаньне сваёй памылкі.

Калі б былі ўнесеныя праўкі ў заканадаўства, гэта дало б магчымасьць ім без прызнаньня сваёй памылкі зьменшыць прысуды. Але МУС лічыць, што ўсё нармальна, яны супраць любых зьменаў. Аднак гэта не нармальна, калі 16 тысяч асуджаных па артыкулах, зьвязаных з наркотыкамі.

Адкуль гэтыя наркотыкі? Ёсьць доказы, што і прадстаўнікі дзяржавы вінаватыя ў тым, што з 2012 году спайсы былі легальна дазволеныя на тэрыторыі Беларусі. А потым раптам «давайце іх хуценька забаронім» — а ўжо ёсьць шмат людзей, якія на іх «падселі».

— Вы асьцярожна закранулі тэму, якую можна разьвіваць. Бо хапае меркаваньняў, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў проста кантралююць наркабізнэс, фактычна «крышуюць» яго.

— Я думаю, што, канечне, такі бізнэс ня можа існаваць сам па сабе. Пытаньне ў тым, наколькі праваахоўныя органы хочуць і могуць прыцягваць да адказнасьці тых, хто стварае гэты «бізнэс». Ёсьць вядомыя гісторыі людзей, якія былі супрацоўнікамі пракуратуры і КДБ і якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні за артыкулы, зьвязаныя з наркотыкамі. Такіх гісторый, я думаю, больш, але яны не выходзяць за межы самой сыстэмы.

Мне падаецца, што і жанчыны самі сябе шмат у чым недаацэньваюць

— Калі адысьці ад адной тэмы ў нашай размове, то я задам пытаньне, якое задаю многім жанчынам, удзельнікам гэтай перадачы — ці лічыце вы сабе фэміністкай?

— Складанае пытаньне — асабліва для хрысьціянскай дэмакраткі. Але я выступаю за роўнасьць мужчын і жанчын, і ў эканамічным, і ў сацыяльным пляне. Вось так.

— У адрозьненьне ад іншых вашых адказаў гэты вельмі кароткі.

— Але ўсё па сутнасьці.

— Існуе шмат меркаваньняў наконт жаночага лідэрства. Ёсьць факт, што жанчын у беларускай апазыцыйнай палітыцы ня вельмі шмат на высокіх пасадах. Але тлумачаць гэты факт па-рознаму. Адны кажуць пра патрыярхальнасьць грамадзтва, іншыя лічаць, што жанчыны проста разумныя і таму самі ня вельмі актыўна ідуць у апазыцыйную палітыку. А якое вашае тлумачэньне?

— У нашай краіне больш звыкла бачыць палітыкаў-мужчын, і грамадзтва, вядома, патрыярхальнае. Мне падаецца, што і жанчыны самі сябе шмат у чым недаацэньваюць. У жанчын вельмі вялікі патэнцыял. Калі казаць пра нашыя сацыяльныя кампаніі, то большасьць актывістак — гэта жанчыны.

Гэта не сакрэт, што жанчыне ў палітыцы больш складана. Бо табе больш часу трэба даказваць, што ты нешта можаш, ці прафэсіянал ты, ці ёсьць моц унутры. Я ўпэўненая, што ёсьць жанчыны, больш моцныя за мужчын, якія ў крытычных сытуацыях павялі б сабе больш адказна. Я лічу, што калі жанчыны бяруць удзел у прыняцьці рашэньняў на вышэйшым узроўні, то рашэньні прымаюцца больш эфэктыўна і ўзважана.


16x9 Image

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.

 

Рекомендуем прочитать

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить

Подписаться на уведомления об обновлениях на сайте в Telegram  
Не забудьте в открывшемся окошке внизу нажать "присоединиться".