Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зьняла фільм пра «Матчын рух 328».

 Радыё Свабода 

 

Падчас здымак фільму «Пакаленьне 328» у Менску

Ніцы Ніканавай — 24. Яна рэжысэрка 20-хвіліннай стужкі «Пакаленьне 328». Гэта першы фільм у Беларусі пра маці непаўналетніх, асуджаных за наркатычныя злачынствы. Свабода пагаварыла з маладой рэжысэркай пра вучобу ў Нью-Ёрку, бюджэт стужкі і вяртаньне ў Беларусь.

«Адмовілася ад акторскай кар’еры на карысьць рэжысуры»

Ніка вырасла ў Менску. У 13 гадоў дзяўчына атрымала роль у фільме «Брэсцкая крэпасьць» і захацела стаць акторкай. Паступаць зьбіралася ў Лос-Анжэлес, але амэрыканская амбасада вырашыла іначай і не дала ёй візу. У той момант дзяўчына адмовілася ад акторскай кар’еры на карысьць рэжысуры.

Ніка Ніканава

«Сапраўды, калі я расла падлеткам, мяне цікавіла слава. Пасьля я пачала падарожнічаць і зразумела: рэальнае жыцьцё нашмат цікавейшае за тое, што б ты там сабе ні прыдумаў. — кажа Ніка. — Дакумэнтальнае кіно мацней за фікшн. Гэта сапраўдныя эмацыйныя прыгоды. І ў саміх здымках ёсьць адрэналін. Часам ты едзеш у небясьпечныя месцы і сустракаеш неверагодных людзей. А людзі — гэта тое, чаму я пайшла ў дакумэнталістыку».

 

Беларуска пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зьняла фільм пра «Матчын рух 328».
Калі з вучобай у Лос-Анжэлесе ня склалася, дзяўчына паступіла ў ЭГУ у Вільні на спэцыяльнасьць «Мэдыя і камунікацыі». Але праз паўгода кінула вучобу і паехала займацца сёрфінгам на Балі. Падарожжа зацягнулася на тры гады.

«На востраве Сулавэсі ў Інданэзіі мне пашэнціла паўдзельнічаць у здымках дакумэнтальнага фільма разам з рэжысэркай з ЗША. Яна здымала пра наступствы канфлікту на рэлігійнай глебе паміж хрысьціянамі і мусульманамі, — прыгадвае Ніка. — І гэта натхніла мяне прысьвяціць жыцьцё дакумэнталістыцы».

На пытаньне, ці ёсьць мяжа паміж дакумэнтальным кіно і актывізмам, Ніка кажа: «Разьмежаваньняў няма. Праз кіно я выказваю сваю палітычную пазыцыю. І камэра — мой інструмэнт, каб дасьледаваць гэты сьвет».

Ніка Ніканава ў Нью-Ёрку

«Праблема 328 — адна з самых сур’ёзных у Беларусі»

Для паступленьня Ніканава выбрала гадавую праграму дакумэнталістыкі ў New York Film Academy. Здала ангельскую мову, падрыхтавала рэзюмэ, сабрала рэкамэндацыі і партфоліё, напісала эсэ. Навучаньне каштавала $32,079 за год. 30% выдаткаў пакрыў грант, астатнія 70% яна аплочвала самастойна.

​Аб праблемах зьняволеных паводле 328-га артыкулу Ніка даведалася ў Амэрыцы. Ужо тады дзяўчына ведала, што будзе здымаць дыплёмны праект менавіта пра Беларусь.

Падчас здымак фільму «Пакаленьне 328»

«Я настолькі выпала зь беларускага парадку дня, што слаба ўяўляла, якія праблемы ў краіне самыя галоўныя і што там адбываецца, — успамінае Ніка. — Выпадкова трапіла на стрым Віталя Рымашэўскага з сустрэчы маці асуджаных паводле наркатычнага артыкулу з чыноўнікамі. Так пачала дасьледаваць тэму».

Артыкул 328 прадугледжвае пакараньне пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў за захоўваньне наркотыкаў бяз мэты збыту, да 8 гадоў — з мэтай збыту, да 15 гадоў — за буйныя партыі наркотыкаў.

МУС выступае ня толькі супраць дэкрыміналізацыі ўжываньня лёгкіх наркотыкаў, але нават супраць зьмяншэньня мінімальных пакараньняў паводле наркатычнага артыкулу.

​«Калі гэта ня самая сур’ёзная праблема, то дакладна адна з самых сур’ёзных, — кажа Ніка. Апошнія сем гадоў я атрымлівала па максымуме ўсё, што хачу. А тыя 16 тысяч чалавек, асуджаныя за наркотыкі, ня мелі магчымасьці зьехаць і атрымліваць асалоду ад жыцьця».

Кадр з фільму «Пакаленьне 328»

На пытаньне, ці не было ў Нікі думкі знайсьці бацькоў памерлых ад наркотыкаў людзей і пагаварыць зь імі, яна кажа: «Я, вядома, чула пра такіх маці, і мне шкада, што ім давялося сутыкнуцца з такім горам. Але ў гэтым пытаньні ў мяне заўжды адна пазыцыя: ад чаго б не памерлі гэтыя людзі, ім гвалтам у рот гэта не засоўвалі».

На думку дзяўчыны, больш жорсткія законы прывядуць да большай колькасьці сьмерцяў, бо зьявяцца новыя забароненыя рэчывы.

«Забароны ніколі не працавалі. Людзі баяцца тэлефанаваць у “хуткую” пры перадазаваньні — праз артыкул 328. І, магчыма, ад гэтага памерла шмат людзей», — кажа Ніка.

 

«Яны сталі для мяне маці, а я для іх — дачкой»

Мінулай вясной Ніка прыляцела ў Беларусь, каб пазнаёміцца зь лідэркай «Матчынага руху 328» Ларысай Жыгар з Горадні.

«Ларыса — адна з галоўных гераінь у маім фільме. Яе сын асуджаны паводле артыкулу 328 і цяпер знаходзіцца ў калёніі. Пасьля яе аповеду я пераканалася, што хачу прысьвяціць два месяцы здымак менавіта гэтай праблеме».

Ларыса Жыгар. Кадр з фільму «Пакаленьне 328»

Летам Ніка прыехала ў Беларусь і правяла два месяцы разам з гераінямі ў Горадні, Лідзе і Магілёве. Рэжысэрка кажа, што да здымак яны перайшлі не адразу. Нейкі час адаптаваліся і прызвычайваліся адна да адной. Разам езьдзілі на лецішча, зьбіралі трускалкі, займаліся гаспадаркай.

«Я здымала ў кожнай зь іх дома. Як зьбіраюць сваім дзецям перадачы, як рыхтуюцца да доўгатэрміновых спатканьняў і як гэта — выходзіць з калёніі пасьля сустрэчы зь дзіцем, — расказвае Ніка. — Яны дазвалялі быць побач і здымаць іх у самыя патаемныя моманты. Падчас здымак яны сталі для мяне маці, а я для іх — дачкой».

Ларыса Жыгар падчас здымак фільму «Пакаленьне 328»

​Ніцы ўдалося трапіць у мужчынскую калёнію, праўда бяз камэры. «Для мяне важна было пазнаёміцца з асуджанымі. Гэта адбылося па шчасьлівай выпадковасьці, але падрабязнасьці расказаць я не магу. — кажа Ніка. — У калёніі я пабачыла каротка пастрыжаных хлопцаў у чорнай уніформе зь белымі тварамі. Гэта ўсё мяне так моцна ўразіла, што я страціла апэтыт на некалькі дзён».​

Від на калёнію. Кадр з фільму «Пакаленьне 328»

​«Пасьля першага паказу ўсе былі ў шоку»

Ніканава прадусавала, здымала, запісвала гук і кіравала аўтамабілем. «У дакумэнтальным кіно часта патрэбен напарнік, бо гэта цяжкая фізычная праца. Аднак калі б я была з кімсьці, то наладзіць такі давер з маці было б складана. Сувязь была б не такой шчыльнай», — кажа Ніка.

Падчас здымак фільму «Пакаленьне 328»

Бюджэт «Пакаленьня 328» склаў 10 тысяч даляраў. Грошы на фільм Ніка адкладала асобна для гэтага праекту. Каб скончыць фільм да лета, ёй патрэбна яшчэ 5 тысяч даляраў.

«Адзінае, на чым нельга эканоміць, калі здымаеш кіно, — час, — кажа рэжысэрка. — Гэта ключ у любым праекце».

Летам Ніка пачне рассылаць фільм па кінафэстывалях. Але гэта дакладна будзе ня менскі «Лістапад». «Я не падтрымліваю палітыку «Лістапада». Апошні скандал меў розгалас, аднак усё гэта было зразумела ўжо даўно. У сваім праекце я ні ад кога не залежу, таму падаваць фільм буду ў месцы, дзе няма такой цэнзуры», — кажа Ніка.

Кадр з фільму «Пакаленьне 328»

Першую вэрсію фільма Ніка паказвала як дыплёмны праект на Fall 2018 New York Film Academy Documentary Film Festival пераважна для студэнтаў і выкладчыкаў. «Тады ўсе былі ў шоку. Мала хто чуў пра гэтую праблему. Мне казалі, што гэта вельмі сьмелы праект і за гэта можа быць адказнасьць».

На пытаньне, ці пакажуць «Пакаленьне 328» у Беларусі, Ніка кажа няўпэўнена: «Дзеля бясьпекі маці — наўрад ці. Нават у інтэрнэце. Увогуле гэта будзе залежаць ад сытуацыі ў краіне: што будзе з амністыяй і з прэзыдэнцкімі выбарамі».

Падчас здымак фільму

Вучоба ў дзяўчыны скончылася ўвосень. Цяпер Ніка працуе ў Нью-Ёрку асыстэнткай выкладчыка ў нью-ёркскай кінаакадэміі. «Калі атрымліваеш адукацыю ў ЗША, табе даюць яшчэ год, каб прымяніць на практыцы веды, якія атрымалі падчас навучаньня, папрацаваць па спэцыяльнасьці. Гэта нешта кшталту падарунку ад амэрыканскай дзяржавы».

Ніка хоча вярнуцца ў Беларусь. «У Беларусі я хацела б займацца актывізмам, журналістыкай або працягваць здымаць дакумэнтальнае кіно, — кажа яна. — Гэта важная частка мяне, мая ідэнтычнасьць».

Актывісткі «Матычнага руху 328»

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць:

У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
29 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні ўхваліла законапраект аб зьмене Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларусі, якія прадугледжваюць зьмякчэньне пакараньняў за наркатычныя злачынствы.
Законапраект мусіў разглядацца ў другім чытаньні на асеньняй сэсіі Палаты, але гэтага не адбылося.
Супраць зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства выступала Міністэрства ўнутраных спраў і асабіста міністар Ігар Шуневіч.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць:
  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
  • 29 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні ўхваліла законапраект аб зьмене Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларусі, якія прадугледжваюць зьмякчэньне пакараньняў за наркатычныя злачынствы.
  • Законапраект мусіў разглядацца ў другім чытаньні на асеньняй сэсіі Палаты, але гэтага не адбылося.
  • Супраць зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства выступала Міністэрства ўнутраных спраў і асабіста міністар Ігар Шуневіч.

ВС

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить