Маці асуджанага за наркотыкі займаецца прафілактыкай наркаспажывання ў школе.

 Гомельская вясна 
  

Таццяна Канеўская з Гомлю ўжо другі год запар ходзіць на агульнашкольныя бацькоўскія сходы, распавядае пра крымінальную справу свайго 34 – гадовага сына Аляксандра, які па выраку раённага суду атрымаў 8 гадоў турмы за набыццё двух цыгарэт марыхуаны — для сябе і для свайго прыяцеля. Пасля апеляцыі ў абласны суд тэрмін зняволення быў зніжаны на два гады. Пасля гэтага сп. Таццяна пачала наведваць школу і распавядаць бацькам вучняў школы № 3 пра справу свайго сына, антынаркатычнае заканадаўства РБ і практыку яго выкарыстання ў краіне.

Маці асуджанага за наркотыкі займаецца прафілактыкай наркаспажывання ў школе.
Таццяна Канеўская

З маці – валанцёркай паразмаўляла карэспандэнтка сайта “Гомельская вясна” Ларыса Шчыракова

Таццяна, калі ўзнікла ідэя пайсці ў школу з прафілактычнай гутаркай?

Ідэя ўзнікла адначасова з двума падзеямі ў маёй сям’і: мой старэйшы сын сеў у турму за адну цыгарэту, а малодшы пайшоў у першы клас у школу № 3. Як толькі ён пайшоў, я зразумела што пра гэта трэба казаць. Я прапанавала дырэктару на бацькоўскім сходзе бацькоў вучняў 5 – 11 класаў распавесці што адбылося з маім сына. Дарэчы, яна тады запыталася ці не сорамна мне пра гэта распавядаць. Я адказала адмоўна, бо адначасова з гісторыяй сына, я распавядаю ў завуаляванай форме і пра незаконныя метады, якія выкарыстоўвае міліцыя ў нашай краіне. Чаму я павінна саромецца бязмежжа міліцэйскага, мой сын парушыў закон толькі ў тым, што ён паддаўся на ўгаворы свайго сябра і купіў тыя няшчасныя дзве цыгарэты марыхуаны.

Я на прыкладзе свайго сына распавядаю бацькам, што ім трэба вельмі ўважліва глядзець на атачэнне сваіх дзяцей, з кім яны сябруюць, хто побач з імі. Калі нехта іх дзецям прапануе папаліць, хай яны трыццаць разоў падумаюць спачатку.

Вы распавядаеце пра крымінальную справу сына, за што судзілі, дзе ў якіх умовах сядзіць так?

Мне бы хацелася каб было крыху жудасна. Я маткам распавядаю каб яны ўважліва глядзелі з кім стасуецца іх сын ці дачка, кажу ім, што нават калі іх сын падняў цыгарэту і аддаў камусьці, гэта ўжо будзе кваліфікавацца як распаўсюд. Каб яны сваім дзецям сказалі, не смей. Калі табе прапаноўваць залезці ў дупло, забраць закладку — гэта ўжо распаўсюд і можна атрымаць мінімальны тэрмін 8 гадоў зняволення.

Навошта вы ходзіце з гэтымі аповедамі ў школу?

Мне вельмі шкада дзяцей, асабліва самы такі ўзрост 14 – 18 гадоў, калі яны самазацверджваюцца, імкнуцца паказаць, даказаць сваю даросласць. Ім падаецца, што ён узяў бляшанку піва, цыгарэту і ён дарослы. Я гэта разумею. Самы такі небяспечны момант калі сына. дачку трэба ўтрымаць ад бяды нават сілай, калі трэба.

Ці ёсць рэакцыя бацькоў, ці задаюць яны пытанні?

Вельмі багата пытанняў ад бацькоў, запытваюцца колькі даюць, за што даюць. Наогул вельмі мала ведаюць пра гэты антынаркатычны артыкул 328. Ім падаецца, што садзяць толькі тых у каго багата наркотыкаў, яны не разумеюць, што за 0,005 грама марыхуаны можна атрымаць таксама вялізарны тэрмін, як за кілаграм гераіну ці спайсаў.

Як праходзіць сустрэча з бацькамі вучняў?

Кожны год у верасні мне сама тэлефануе дырэктар і запрашае. Хаця мой малодшы сын, які там вучыцца, ён саромеецца, што яго брат сядзіць, таму ў яго класе я бацькам не казала. Звычайна мы выступаем утрох: участковы, медык і я. На першым сходзе ў нас была супрацоўніца з міліцыі, мне яе давялося нават на месца ставіць — у яе ў словах была нейкая жорсткасць да дзяцей. Я ёй сказала, што аніводнага дзіцёнка з гэтай школы без дай прычыны паставіць на ўлік у міліцыю я не дам. Быў выпадак, калі хлопца паставілі на ўлік міліцэйскі за тое што ён піў піва недзе ў кампаніі. Я задала пытанне навошта так жорстка. Навошта псаваць адразу падлетку жыццё. Вы вось за наркотыкі ўжо садзіце ў турму з 14 гадоў, ламаеце падлетку ўсё жыццё, замест таго каб даць яму магчымасць выправіцца.

Зараз вельмі папулярны метад прафілактыкі з боку міліцыі — распавядаць пра жахі наркаспажывання, ці варта гэта рабіць?

Думаю не, чым больш і часцей вы будзеце пра гэта распавядаць, тым будзе больш цікаўнасці. Вельмі важна як гэта інфармацыя падаецца. Калі будзеце паказваць як пад спайсамі вочы выкалываюць, здаецца, гэта не напужае.

Ларыса Шчыракова

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить