Актывісткі «Руху маці 328» зьвярнуліся з адкрытым лістом да Румаса і Андрэйчанкі

 Віцебская вясна 

Маці асуджаных паводле артыкулу 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў) накіравалі зварот прэм’ер-міністру Беларусі, старшыні ПП НС ды іншым службовым асобам. У лісьце заклікаюць скасаваць сумна вядомы Дэкрэт №6 (ад 28 сьнежня 2014 году), гуманізаваць арт. 328 і абвясьціць амністыю.

Ведаю, што наступнае прагучыць вельмі наіўна, але ж нагадаю, што асноўным Законам Рэспублікі Беларусь была і застаецца Канстытуцыя… І ў межах гэтага закону мы зьвярнуліся ў Савет Рэспублікі, Палату Прадстаўнікоў і да Ўраду за тлумачэньнямі, а дакладней, за адказамі на пытаньні. Спадзяемся, што знойдуцца ў рэшце рэшт людзі са здаровым розумам, ад якіх будзе залежыць вынік нашых блуканьняў па пакутах…” – патлумачыла адна з аўтараў лісту віцяблянка Натальля Шарыпа.

Пра што пішуць актывісткі “Руху маці 328”?

Дамагаюцца скасаваньня Дэкрэту №6

На іх погляд, асаблівая неабходнасьць у Дэкрэце №6 ад 28 сьнежня 2014 году “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў” ужо адпала. Бо паводле справаздачы МУС аб наркасытуацыі, у краіне назіраецца “станоўчая дынаміка” і “аздараўленьне абстаноўкі”. У прыватнасьці, на 25,2% скарацілася колькасьць перадазіровак наркотыкамі, на 8,9% зьнізілася лічба зарэгістраваных нарказлачынстваў.

Асаблівую ўвагу маці зьвяртаюць на “групавую” статыстыку МУС: у 2018 годзе на 36,5% павялічылася колькасьць скончаных расьсьледаваньнем злачынстваў, учыненых групай асоб, у 1,7 разы – учыненых у складзе арганізаванай групы.

Расказваюць, як МУС “стварае” арганізаваныя групы

“У цяперашні час правапрымяняльная практыка ў гэтых частках (ч.4 і ч.5) грунтуецца на аб’яднаўчай прыкмеце – “інтэрнэт-крама”. Гэтак, у АЗГ (арганізаваная злачынная групоўка) міжнароднага маштабу зьбіраюцца асобы, не знаёмыя адно з адным, якія выконваюць ролю кур’ераў (“закладчыкаў”, “мінёраў”)”, – сьцьвярджаюць маці.

“Выносячы жорсткія прысуды дробным кур’ерам, краіна напраўду робіцца вельмі прыцягальнай для сапраўдных наркабаронаў, для якіх у дзейсным заканадаўстве пры цяперашняй практыцы ня знойдзецца нават часткі…” – пішуць “Маці-328”.

Выказваюць меркаваньне, што штучнае аб’яднаньне ў арганізаваную злачынную групоўку дзяцей ад 14 гадоў ня робіць гонару супрацоўнікам наркакантролю.

“Бо атрымліваецца, што ці ня кожнае дзіця ў Беларусі лёгка можа зрабіцца арганізатарам наркакартэлю”.

Просяць задаць пытаньні асобным міністэрствам

“Ці адпавядае выкарыстаньне рабскай, бясплатнай і некваліфікаванай працы ў папраўчых установах (зачыстка дроту, сартаваньне поліэтыленавых шарыкаў і г.д.) “патрабаваньням інавацыйнай эканомікі?” (да Мінэканомікі).

“Чаму за ўсе гады і ў цяперашні час празь дзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы насельніцтва не апавяшчаюць аб небясьпецы і наступствах перапіскі з незнаёмымі асобамі, якія вярбуюць моладзь на сумнеўную працу?” (да Мінінфармацыі).

“У мэтах прафіляктыкі сумесна з ДВП абавязаць усіх кіраўнікоў папраўчых устаноў дазволіць дадатковыя пладова-гародныя перадачы ў асеньне-зімовы пэрыяд. На тэрыторыях ПК разьмясьціць аптэчныя шапікі з асартымэнтам вітамінавых комплексаў” (да Міністэрства аховы здароўя).

“Міністэрству працы і сацабароны зьвярнуць асаблівую ўвагу на сапраўдную абарону зьняволеных! Заробак велічынёю ў 1 рубель ня можа забясьпечыць зьняволенага нават элемэнтарнымі сродкамі гігіены, ня кажучы ўжо пра магчымасьць набыць харчы”.

Актывісткі «Руху маці 328» зьвярнуліся з адкрытым лістом да Румаса і Андрэйчанкі
Прыкладзеная да звароту даведка аб заробку аднаго са зьняволеных у Бабруйскай калёніі №2

“Міністэрству антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю і Камітэту дзяржкантролю неабходна правесьці праверку адпаведнасьці коштаў і асартымэнту ў крамах, разьмешчаных на закрытых тэрыторыях. Тэрмінова (!) прыбраць усю сацыяльную рэкляму з вуліц, школ, крамаў, бібліятэк і г.д., якая ўтрымлівае словы “наркотыкі”, “спайсы” і т.п”.

“Галоўнае ідэалягічнае ўпраўленьне, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры і Мінспорту павінны падзяліць з намі адказнасьць за выхаваньне нашых дзяцей, таму што ўпусьціць некалькі пакаленьняў дзяцей, народжаных у 1990-2000-я гады, адны толькі бацькі не маглі… Перамаўляючы “Маленькага прынца”, памятайце, што вы ў адказе за тых, каго вы вучылі!”

“Досыць ужо крыміналізаваць грамадзтва!”

“У пошуках працы падлеткі і маладыя людзі робяцца для наркадзялкоў лёгкай здабычай, якую яны вылоўліваюць сеткамі. Праваахоўныя органы і суды заахвочваюць такое паляваньне неймавернымі пакараньнямі, што таксама наводзіць на думку аб іх змове з крымінальнымі структурамі”, – гаворыцца ў звароце.

“Улічваючы ўсё сказанае, просім вас праявіць грамадзянскую салідарнасьць, разуменьне, спагаду і неадкладна адмяніць Дэкрэт №6, зрабіць арт. 328 больш гуманным і адэкватным… А таксама выступіць зь ініцыятывай аб усеагульнай амністыі! Досыць ужо крыміналізаваць грамадзтва! Мы хочам жыць у міры і любові!” – заклікалі высокіх службовых асобаў маці асуджаных па антынаркатычнаму артыкулу.

Нагадаем, у сярэдзіне студзеня Віцебск быў літаральна атакаваны рэклямай наркадылераў.

Між тым, у Беларусі дзейнічае адзін з самых жорсткіх у Эўропе антынаркатычных законаў (арт. 328 КК РБ). Узроставая мяжа адказнасьці пачынаецца ад 14 гадоў (пасьля прыняцьця Дэкрэту №6), а максымальны тэрмін пазбаўленьня волі за збыт забароненых рэчываў павялічаны да 25 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у месцах пазбаўленьня волі знаходзіцца каля 17 тыс. асуджаных па 328-м артыкулу. Але, як сьцьвярджаюць актывісткі “Матчынага Руху 328”, якія ў 2018 годзе правялі галадоўку, большасьць зьняволеных – звычайныя (часта – выпадковыя) спажыўцы, сапраўдныя ж наркабароны дагэтуль на волі…

Зьміцер Міраш

Отправить ответ

avatar
7777
  Подписаться  
Уведомить